Заступіўся за жанчыну — за што затрымалі Маляваныча
Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) / TUT.BY
Акцёра Аляксандра Ждановіча, які доўгія гады вёў "Калыханку" на БТ у вобразе Маляваныча, затрымалі напярэдадні на праспекце Пераможцаў у Мінску.
Відавочцам затрымання быў яго знаёмы Данііл. Яны ішлі разам у напрамку гандлёвага цэнтра "Галерэя". На дарозе, па словах Данііла, стаялі бусікі, на тратуары былі АМАПаўцы.
"У Аляксандра быў пры сабе невялікі драўляны крыжык, ён дастаў яго і пачаў асяняць АМАПаўцаў знакам крыжа і чытаць малітву", — распавёў Данііл "Нашай Ніве".
Ён падкрэсліў, што Ждановіч — вельмі веруючы чалавек, валанцёр у манастыры.
У нейкі момант акцёр убачыў, што адзін з сілавікоў крычыць на жанчыну.
"Аляксандр падышоў да яго і папрасіў не крычаць. У адказ той аддаў загад двум сваім "ўзяць яго" — заламалі рукі і завялі ў бус", — распавёў Данііл.
Ждановіча адвезлі ў Партызанскае РУУС. Пазней стала вядома, што да суда ён будзе знаходзіцца ў Жодзіна.
Напярэдадні ў Мінску сілавікі ўсталявалі антырэкорд — было затрымана больш за 1000 чалавек. Удзельнікам традыцыйнай нядзельнай акцыі пратэсту так і не ўдалося сфармаваць адзіную калону. Масавыя затрыманні адбываліся ў розных кропках горада.
Сярод затрыманых апынуліся і вядомыя людзі. Акрамя Маляваныча, гэта Міс Беларусь-2008 і былая прэс-сакратар "Дынама-Брэст" Вольга Хіжынкова, чэмпіён Беларусі па кікбоксінгу і тайскім боксе Іван Ганін, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2008 года дзесяціборац Андрэй Краўчанка, актывістка і маці палітвязня Паўла Севярынца — Таццяна Севярынец.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.