Затрыманага каля Курапатаў і збітага маладафронтаўца аштрафавалі на 1600 рублёў
Суд Мінскага раёна аштрафаваў маладафронтаўца Дзяніса Урбановіча на 1657,5 рубля — 65 базавых велічыняў, піша праваабарончы сайт "Вясна". Яго прызналі вінаватым у дробным хуліганстве (25 базавых) і непадпарадкаванні законнаму патрабаванню службовай асобы (40 базавых).
У суд Урбановіча прывезлі з накладзенай на шыю шынай: пасля затрымання яго жорстка збілі міліцыянты.
Як паведамляла Еўрарадыё, увечары 3 лістапада каля рэстарана "Поедем поедим" былі затрыманыя шэсць актывістаў, у тым ліку кандыдат у дэпутаты Зміцер Захарэвіч. Захарэвіч спрабаваў зайсці ў рэстаран, каб пагаварыць з наведвальнікамі, а ахова гэтаму перашкаджала і выклікала міліцыю. Паміж актывістамі і аховай узнікла бойка, якая працягвалася і падчас прыезду міліцыянтаў.
Захарэвіч, якога выпусцілі пасля паказу пасведчання кандыдата ў дэпутаты, распавёў, што пасля затрымання міліцыянты жорстка збілі іх. Дзянісу Урбановічу спатрэбілася дапамога лекараў. Пасля гэтага яго зноў забралі міліцыянты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.