Затрыманую ў Брэсце актывістку АГП вызвалілі з міліцыі
На Аліну Літвінчук склалі адразу два адміністратыўныя пратаколы.
У Брэсце пасля трохгадзіннага затрымання вызвалілі з міліцыі актывістку Аліну Літвінчук.
Як паведамляла Еўрарадыё, актывістку Аб'яднанай грамадзянскай партыі міліцыянты затрымалі раніцай 23 ліпеня на чыгуначным вакзале "Брэст-Цэнтральны". Пры сабе дзяўчына мела больш за 100 пасведчанняў сябраў ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі, якія яна везла з Мінску.
У Брэсце на чыгуначным вакзале міліцыя затрымала актывістку АГП
Літвінчук вызвалілі пасля таго, як склалі на яе два пратаколы за супрацу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Літвінчук чарговы раз абвінавацілі ў працы на "Радыё Рацыя". Паводле гэтага абвінавачання яе сёлета судзілі чатыры разы і прысуджалі шматмільёныя штрафы.
Намесніка старшыні АГП Уладзімір Вуек называе інцыдэнт мэтанакіраванай правакацыяй уладаў. Хаця праваахоўнікі вярнулі пасведчанні сябраў ініцыятыўнай групы, брэсцкая каманда Анатоля Лябедзькі згубіла час, які быў распланаваны на пікеты.
Вуек: "Калі прыязджала Аліна, мы мусілі ісці ў офіс і выдаць гэтыя пасведчанні сябрам нашай ініцыятыўнай групы. Пасведчанні — галоўны кампанент нашых сённяшніх пікетаў, аднак сёння мы гэтага зрабіць не змаглі. Яна амаль тры гадзіны знаходзілася ў пастарунку міліцыі акурат у той час, калі мы мусілі ладзіць пікеты каля кінатэтра "Беларусь" і ўнівермага ЦУМ".
Па словах Вуека, актывісты АГП могуць накіраваць у ЦВК заяву з патрабаваннем працягнуць ім на адзін дзень тэрмін збору подпісаў з-за гэтага інцыдэнту.
Фота: svaboda.org