Затрыманых у Мінску журналістаў адпусцілі
А трое актывістаў “Альтэрнатывы” застаюцца ў міліцыі.
Журналістаў і прадстаўнікоў апазіцыі затрымалі ля сталічнага ўнівермага “Беларусь”. Там адбывалася акцыя ў гонар гадавіны абвяшчэння Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі 27 ліпеня 1990 года.
У Партызанскі РУУС трапілі фотакарэспандэнт газеты “Наша ніва” Сяргей Гудзілін, карэспандэнт БелаПАН Захар Шчарбакоў, відэааператар БелаПАН Андрэй Корсак, а таксама актывісты моладзевай арганізацыі “Альтэрнатыва” (зарэгістравана ў Латвіі) Алег Корбан, Дзмітрый Сільчанка, Алег Кероль і Вольга Бурневіч.
Журналістаў адпусцілі праз тры гадзіны, паведаміў у сваім Фэйсбуку Сяргей Гудзілін. Разам з імі была адпушчаная і актывістка Вольга Бурневіч.