Затрыманых журналістаў будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі
Журналістаў, якіх затрымалі падчас разгону студэнцкага шэсця ў Мінску, пакінулі на ноч у Кастрычніцкім РУУС сталіцы. Заўтра іх будуць судзіць па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Пра гэта заявіў начальнік аператыўна-дзяжурнай службы РАУС Кастрычніцкага раёна Аляксандр Марціновіч, перадае TUT.by. Суд адбудзецца зранку праз відэасувязь.
Журналістаў, якія асвятлялі студэнцкае шэсце па Мінску, затрымалі каля 17:00 у раёне сталыёна "Дынама". Пры затрыманні міліцыянты казалі, што робяць гэта "для праверкі дакументаў". Пры гэтым рэпарцёры былі ў сініх камізэльках з вялікім надпісам "ПРЭСА" на спіне. Таксама яны мелі бэйджы з фатаграфіямі і назвай выдання, якое яны прадстаўляюць.
Былі затрыманыя журналісты TUT.by Надзея Калініна і Аляксей Суднікаў, журналісты "Комсомольской правды в Беларуси" Сяргей Шчогалеў, Мікіта Дубалека і Марыя Эляшэвіч, журналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга. Калінінай, якая кепска пачувалася, дазволілі перадаць лекі.
Як адзначае TUT.by, падчас хапуна міліцыянты затрымалі таксама расійскага журналіста з РІА "Новости", але яго адпусцілі на працягу гадзіны.
Удзень таксама затрымлівалі журналістку Еўрарадыё Марыю Вайтовіч і Рамана Годуна з газеты "Белорусы и рынок". Іх адпусцілі праз тры гадзіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.