Затрыманыя ў Магілёве журналісты абвясцілі галадоўку

Аляксандр Буракоў / фота Аляксей Колчын, spring96.org​
Аляксандр Буракоў / фота Аляксей Колчын, spring96.org​

Журналісты Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч абвясцілі галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага затрымання, паведамляюць магілёўскія праваабаронцы.  

Карэспандэнтаў затрымалі напярэдадні ў Магілёве ля будынка суда, дзе пачынаўся закрыты працэс па справе Паўла Севярынца. На журналістаў склалі пратаколы па ч. 3 арт. 24.23 КаАП, абвінаваціўшы ў паўторным на працягу года "удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве". Ім пагражаюць штрафы ці арышт.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што гэты артыкул з'явіўся ў КаАП толькі ў сакавіку 2021 года. А за такое правапарушэнне, у прыватнасці, карэспандэнта Deutsche Welle Буракова судзілі больш за год таму. 

Абодвух журналістаў да суда адправілі ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама.

Калі сваякі прынеслі для Буракова перадачу, у ІЧУ ім паведамілі, што ён абвясціў галадоўку, і пагадзіліся прыняць для журналіста толькі цёплыя рэчы. 

Тым часам стала вядома пра яшчэ адно затрыманне ў Магілёве. Міліцыя забрала з працоўнага месца старшыню Магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзіміра Шанцава, паведамляюць праваабаронцы. Яны не выключаюць, што ў дачыненні да Шанцава таксама можа быць складзены пратакол за ўдзел у "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" пад будынкам Магілёўскага абласнога суда, дзе разглядалася справа Севярынца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі