Журналістаў, затрыманых падчас суда над Севярынцам, пакінулі ў ІЧУ
Журналісты, якія 12 траўня прыйшлі асвятляць працэс над Севярынцам, Афнагелем ды іншымі, застануцца ў ІЧУ да суда, пішуць магілёўскія праваабаронцы.
Сёння ў Магілёўскім абласным судзе пачаўся закрыты суд над групай палітвязняў — Паўлам Севярынцам, Дзмітрыем Казловым, Ірынай Шчаснай, Яўгенам Афнагелем, Паўлам Юхневічам, Максімам Вінярскім і Андрэем Войнічам. Міліцыянты выгналі нават тых, хто трапіў у будынак суда.
Калі сваякі і блізкія падсудных сышлі, міліцыянты схапілі журналістаў Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з Deutsche Welle, і карэспандэнта партала 6tv.by Уладзіміра Лапцэвіча, а таксама каардынатара аргкамітэта БХД Алега Аксёнава.
На Буракова склалі адміністрацыйны пратакол па ч. 3 арт. 24.23 КаАП, абвінаваціўшы ў паўторным на працягу года "Удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве". За гэта журналісту пагражае да 200 базавых штрафу (5800 рублёў) ці ад 15 да 30 сутак арышту.
Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што артыкул пад нумарам 24.23 быў уведзены ў КаАП толькі ў сакавіку 2021 года. Да таго ж за папярэдняе нібыта парушэнне закона "Аб масавых мерапрыемствах" Буракова судзілі больш за год таму — 8 траўня 2020-га.
Вядома, што на Лапцэвіча склалі такі самы пратакол. Абодвух журналістаў завезлі ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама, дзе яны прабудуць да суда. У Ленінскім РАУС адмовіліся ўзяць перадачу для Буракова.
Суд, верагодна, адбудзецца праз скайп 13 або 14 траўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.