Zdob Si Zdub "Белое вино/Красное вино"

Альбом ўяўляе сабою складанку песень, якія былі напісаныя для розных тэлешоў і іншых праектаў, і якія ніколі не выдаваліся.

Паводле фронтмэна “Здубаў” Рамана Ягупава, “ніякага разліку і кан’юктуры ў гэтым няма”, проста музыкі, якія пяць гадоў “альбомна маўчалі”, вырашылі такім чынам нагадаць пра сябе.

Рускамоўным Hardcore Moldovenesc некалі ў 1997-м распачалося трыўмфальнае шэсце Zdob Si Zdub па свеце. “Малдаўскі хардкор” вызначаўся бескампраміснай канцэпцыяй. У адрозненні ад дэбютнага рускамоўнага папярэдніка, плыта “Белое вино/Красное вино” падкрэслена антыканцэптуальная. Апроч добра знаёмых песень-кавераў, кшталту “Невесты” Мумий Троля, “Моей цыганской” Уладзіміра Высоцкага альбо “Хуторянки” Сафіі Ратару, на дыску можна сустрэць і новыя кампазіцыі, напрыклад, выдатную песню пра футбол “Гооол!” гімн малдаўскаму футбольнаму клубу "Алімпія"(дарэчы, чарговае сведчанне неразрыўнай сувязі музыкі і спорту!)

Прэзентацыя альбома ў маскоўскім клубе "Бі-2"

Трэк-ліст альбома складаецца з 14 кампазіцый і двух бонусаў. У выніку, 16 песень, не звязаных агульнай ідэяй, ствараюць цалкам пазітыўнае музычнае месіва, створанае з дапамогай балканскіх матываў, цяжкіх гітар, жаночых хораў і вясёлых “дудак”. Сярод прыемнасцяў – новае жыццё песні “Молдавский хардкор”, якую праз 15 гадоў пераклалі на рускую мову і пра якую некалі Аляксандр Ф. Скляр сказаў: “Вось гэта песня — ваша, тут ёсць ваш твар, адлюстраванне таго жыцця, якім вы жывеце, вашых фальклорных матываў!”

Хочаш - не хочаш, але ад кавер-версій “Здубаў” чакаеш нечага, што можа пераплюнуць знакамітую цоеўскую “Видели ночь”. Аднак, да прыкладу, мумітролеўская “Невеста” не цягне на пяцёрку, нягледзячы на характарныя дудкі і заўважную “цяжкасць” версіі.

Прэзентацыя альбома ў маскоўскім клубе "Бі-2"

Сярод песень альбома нельга не звярнуць увагу і на відавочна прахадныя рэчы, напісаныя для пэўных праектаў, мастацкая каштоўнасць якіх знаходзіцца, мякка кажучы, пад сумневам. Ну вось як рэклама дунайскіх селядцоў("Дунайская").

Увогуле заяўленая антыканцэптуальнасць альбома загадзя дазваляе дараваць яго хібы. Гэта – з аднаго боку. З іншага – зоркі такога ўзроўню як Zdob Si Zdub могуць сабе дазволіць і расслабіцца, дастаўшы з паліц “тое, што трэба і не вельмі трэба”. Зрэшты, дакладна адно: без хітоў складанка “Белое вино/Красное вино” не засталася ўжо таму, што ёсць на ёй песня “Стоп, мафія”, выкананая дуэтам з НАШЫМ Сяргеем Міхалком! “Стоп, мафія” – старая песня, якая першапачаткова гучала на малдаўскай мове і называлася “Jos Mafia”.

“Новы рускі тэкст, які я напісаў, атрымаўся больш жорсткім, чым малдаўскі. – распавядае Раман Ягупаў. - Гэта такі смех скрозь слёзы. Шмат каму гэта не падабаецца: маўляў, навошта так асуджаць людзей? А я лічу, што ўсё атрымалася натуральна. Я калі напісаў тэкст, даслаў яго Сярожу Міхалку, думаў, што ён яго неяк па-свойму апрацуе, аднак ён пакінуў усё так, як ёсць, без зменаў. Так і атрымалася песня, гэткая сацыяльная ска-калабарацыя”.

Паслухаць альбом “Белое вино/Красное вино” можна на старонцы гурта ў інтэрнэце www.zdob-si-zdub.com.

Фота з прэс-канферэнцыі, прысвечанай выхаду альбома

Трэк-ліст складанкі:

1. Стоп, мафия! feat. Сергей Михалок
2. Гооол!
3. Невеста
4. Молдавский хардкор
5. Белое вино/ Красное вино
6. Невероятно грустная история, или Телега
7. Костюмчик feat. Эммануил Виторган
8. На речке, на речке
9. DJ Василий
10. Хуторянин
11. Дунайская
12. Космический хоровод feat. «Ясный день»
13. Пельменная
14. Моя цыганская
15. Бонус-трек – DJ Василий (украинская версия)
16. Бонус-трек – Белое вино/ Красное вино (Remix by DJ Brian)

Фота: www.nuwsmusic.ru, www.yamoskva.com

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі