Зена ідзе на “Еўрабачанне”, толькі без Дробыша
Расійскі прадзюсар і ўладальнік ордэна Францыска Скарыны Віктар Дробыш сёлета не збіраецца рыхтаваць удзельніка на “Еўрабачанне-2019”. Што дзіўна, нават Зену (Зіну Купрыяновіч) — беларуску, якая бадзёра запальвала на расійскай “Новай фабрыцы зорак” і падпісала кантракт з Дробышам.
“Яна ўся ва ўчобе, у яе няма часу, няхай вучыцца пакуль... Я сам спачатку думаў, што трэба, а потым… Пакуль не ведаю. Напэўна, не... Я нікога не планаваў рыхтаваць”, — распавядае Віктар Дробыш у размове з Еўрарадыё.
Праўда, бацька Зены, Аляксандр Купрыяновіч, кажа, што 16-гадовая спявачка будзе падаваць заящку на ўдзел у “Еўрабачанні”:
“Натуральна, будзе, я ведаю дакладна”, — прызнаецца Аляксандр. Праўда, што за песню прадставіць Зена на адборы, ці будзе гэта трэк аўтарства Дробыша, бацька спявачкі трымае ў сакрэце.
22 студзеня белтэлерадыёкампанія заявіла пра прыём заявак на "Еўрабачанне-2019". Яны будуць прымацца ў электронным выглядзе да 31 студзеня. Пасля гэтага, 4 лютага, пройдзе праслухоўванне прэтэндэнтаў, на якім адмысловая фокус група абярэ фіналістаў.
Дата фіналу нацыянальнага адбору на "Еўрабачанне-2019" будзе аб'яўлена пазней. Згодна з палажэннем, ён пройдзе ў фармаце гала-канцэрта. Самае цікавае, што абіраць прадстаўніка Беларусі сёлета будзе толькі прафесійнае журы, без уліку меркавання тэлегледачоў. Але гэтым разам галасаваць журы будзе публічна і тут жа абгрунтоўваць сваю адзнаку.
Удзельнічаць у нацыянальным адборы могуць грамадзяне любой краіны, старэйшыя за 16 гадоў.
"Еўрабачанне-2019" пройдзе ў Тэль-Авіве 14-18 траўня.