"Вырадкі, якім няма чаго рабіць". Віктар Дробыш абураны крытыкай перамогі Зены
Віктар Дробыш, фота: facebook.com
Расійскі прадзюсар і уладальнік ордэна Францыска Скарыны Віктар Дробыш пракаментаваў рэакцыю інтэрнэт-карыстальнікаў на перамогу яго падапечнай Зены ў беларускім адборы на "Еўрабачанне-2019". Маўляў, перамога 16-гадовай спявачкі праплачаная.
"Тыя, хто так кажа, — нейкія вырадкі, якім няма чаго рабіць. Самае галоўнае, я нават не ведаю, каму трэба было праплачваць. Абмяркоўваць гэта далей — не паважаць сябе", — заявіў Еўрарадыё прадзюсар.
У 2016 годзе на "Еўрабачанне" Беларусь прадстаўляў Ivan (Аляксандр Іваноў. — Еўрарадыё) — таксама пратэжэ расійскага прадзюсара. Падчас конкурснай гонкі Дробыш паводзіў сябе інакш: актыўна піярыў выканаўцу ў сацсетках, эпатаваў публіку адважнымі прома-фотаздымкамі Айвана. У выпадку з Зенай ён маўчаў. Нават абвясціў, што яго падапечная будзе прадстаўляць Беларусь на "Еўрабачанні"... праз два дні пасля яе перамогі ў фінале нацатбору.
"Урроааааа!!!!! Наша Зена будзе прадстаўляць БЕЛАРУСЬ НА Еўрабачанні 2019 у Ізраілі!!!!! Гэта вялікая ўдача і вялікая адказнасць. Пачынаем працаваць".
Напярэдадні беларускага адбору Віктар Дробыш сцвярджаў у размове з Еўрарадыё, што не плануе ўдзельнічаць у "Еўрабачанні" ні з Зенай, ні з іншым артыстам. Але цяпер кажа, што Зена змагла яго пераканаць.
"Я лічу, што да "Еўрабачання" трэба вельмі актыўна рыхтавацца, Зена сёлета абрала вучобу, — распавядае Віктар Дробыш. — Я падумаў, калі вучоба, значыць вучоба. Нельга туды-сюды разгуляцца. Але "Еўрабачанне" — гэта пытанне песні . Усё ж такі песня вельмі важная. І тут так атрымалася, што Зена прыехала, мяне пераканала, што ёй вельмі хочацца, паказала накіды песень. Нейкім чынам яна ўцягнула мяне ў гэтую працу. Хоць я памятаю, як казаў вам, у гэтым годзе ніякага Еўрабачання".
— Як у Зены атрымалася вас пераканаць, што ўдзельнічаць трэба?
— Я ўбачыў у яе вачах велізарнае жаданне. Убачыў, што Зена сапраўды за маёй спінай у добрым сэнсе многае для гэтага зрабіла. Таму вырашыў ёй крылы не абразаць і працягнуў з ёй працу. Яна мне паказала накіды не адной песні. Я зразумеў, што Зена сапраўды сур'ёзна працуе. Ёй вельмі хочацца. Падумаў: ну, давай зробім усё добра і паспрабуем годна прадставіць нашу краіну на "Еўрабачанні".
— Што прыйшлося рэдагаваць ў абранай песні?
— Я сам напісаў прыпеў. Той, што быў з самага пачатку, мне не спадабаўся. Цяжка сказаць, чаму. На мой погляд, прыпеў павінен быць хітовым. Не ведаю, наколькі атрымалася ў нас, але мне так падабаецца.
— Вас наогул не збянтэжыла, што яна супраць вашай волі працягвала рыхтавацца? Вы ўсё ж прадзюсар.
— Той выпадак, калі гэта не дрэнна, а добра. Чалавек сапраўды працаваў. Я заўсёды захапляюся людзьмі, якія могуць прымусіць сябе працаваць.
— Чаму вы адрэагавалі на перамогу толькі праз два дні?
— Былі выхадныя. Жонку віншаваў з восьмым сакавіка, з дзеткамі гуляў. У мяне ніхто ні пра што не пытаўся. Увесь дзень тэлефон маўчаў. Мне што, самому кудысьці тэлефанаваць і казаць? Напісаў у сябе.
— Вы будзеце прадзюсаваць далейшы ўдзел Зены ў конкурсе?
— Так, вядома. А хто гэта будзе рабіць?
— Як ставіцеся да таго, што букмекеры прагназуюць Зене 36-е месца з 41? Ёсць нейкія хваляванні на гэты конт?
— Ды не... Не ведаю. Я ўпершыню пра гэта пачуў ад вас. Паглядзім.
— Вы слухалі іншых канкурсантаў? Хто спадабаўся, і ці ёсць, на ваш погляд, шанцы на перамогу ў Расіі, якую прадстаўляе Сяргей Лазараў?
— Слухаў. Не ведаю. Пакуль не хачу каментаваць.