Жанчына, апраўданая па справе аб хатніх родах, хоча кампенсацыю за час у СІЗА

Жанчына, апраўданая па справе аб хатніх родах, хоча кампенсацыю за час у СІЗА

31-гадовая Вольга Сцяпанава, якую Віцебскі абласны суд апраўдаў па справе аб хатніх родах, будзе патрабаваць кампенсацыю за чатыры месяцы, праведзеныя ў СІЗА да суда. Сума пазову да дзяржавы яшчэ не вызначаная, піша tut.by.
 
Як паведамлялася раней, 25 студзеня суд прызнаў ураджэнку Віцебска, у якой памерла нованароджаная дачка, невінаватай у прычыненні смерці па неасцярожнасці і апраўдаў за адсутнасцю складу злачынства. 

Сама Сцяпанава на судзе не прысутнічала, бо з'ехала ў Санкт-Пецярбург, дзе цяпер жыве. Яе адвакат паведаміў, што суд прызнаў за жанчынай права на кампенсацыю маральнай і матэрыяльнай шкоды з боку дзяржавы. 

Як распавядалася раней, у лютым 2017 года Сцяпанава прыехала да маці ў Віцебск, каб нарадзіць дзіця. Яна адмовілася класціся ў шпіталь і вырашыла нараджаць дома. Нованароджаная дзяўчынка наглыталася каляплодных водаў і памерла. А на Сцяпанаву пачалі крымінальную справу за прычыненне смерці па неасцярожнасці. 

У верасні 2017 года суд прызнаў Сцяпанаву вінаватай у смерці дачкі. Ёй прысудзілі 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі-пасяленні і вызвалілі ў зале суда. Сама жанчына сваёй віны не прызнала і абскардзіла прысуд. Цяпер яна цалкам апраўданая.

У СІЗА Сцяпанава правяла чатыры месяцы і адзін дзень. На волю яна выйшла 7 верасня 2017 года, пасля абвяшчэння абвінаваўчага прысуду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі