Жанчына супраць аўтамата і найстарэйшая птушка свету — #ІхНоравы

Міжнародныя навіны

Міжнародныя навіны / @rubanau_collage

Гэты тыдзень быў багаты на падзеі. Увага свету была скіраваная на Паўднёвую Карэю і ўвядзенне там ваеннага становішча на… шэсць гадзін. Інтэрнэт-карыстальнікі знайшлі і гераіню сумятні — жанчыну, якая схапілася за аўтамат салдата.

Пра яе, пра беспрэцэдэнтны прысуд у Бельгіі, вяртанне любімага серыяла 2000-х і найстарэйшую птушку ў свеце, якая адклала яйка ў 74 гады, чытайце ў нашай штодзённай рубрыцы “Іх норавы”.

Відэа з паўднёвакарэйскай жанчынай, якая схапіла салдата за аўтамат, стала сімвалам супраціву ваеннаму становішчу

Адным з самых яркіх момантаў палітычнага крызісу ў Паўднёвай Карэі на гэтым тыдні стала відэа, на якім апазіцыйны палітык Ан Гвірэнг схапіла зброю салдата, у той час як дэпутаты супрацьстаялі войскам, што заступілі ім дарогу ў будынак.

Гэта адбылося праз некалькі гадзін пасля таго, як прэзідэнт Юн Сок Ёль абвясціў ваеннае становішча ў шакавальным тэлевізійным звароце, які здзівіў нават сябраў яго партыі.

Ан Гвірэнг расказала журналістам, што адчувала сябе “апошняй лініяй” абароны ад спробы ўзброеных сілаў пракрасціся ў парламент.

“Я спытала іх: "Вам не сорамна?" — сказала Ан, прадстаўніца галоўнай апазіцыйнай Дэмакратычнай партыі. — Нават калі яны выконвалі загад, узброеныя салдаты, што наводзяць зброю на грамадзян у будынку Нацыянальнай асамблеі і перашкаджаюць працы парламентарыяў, дзейнічаюць незаконна”.

Ан прызналася, што ніколі раней не трымала зброі ў руках і адчувала сябе "напалоханай і разгубленай".

"Але ў той момант думка пра тое, што трэба іх спыніць, была нашмат мацнейшай", — дадала яна.

Жанчына супраць аўтамата і найстарэйшая птушка свету  — #ІхНоравы
Уіздам (злева) і яе новы партнёр / U.S. Fish & Wildlife Service

Уіздам — самая старая вядомая ў свеце дзікая птушка. Гэтая навіна шакавала арнітолагаў, бо цемнаспінныя альбатросы звычайна жывуць ад 12 да 40 гадоў і зусім пажылая птушка раней страціла партнёра.

Упершыню Уіздам заўважылі ў 1956 годзе, калі ёй было каля пяці гадоў. Захопленыя назіральнікі за птушкамі знаёмыя з яе адметнай пазнакай Z333. Апошняе яйка Уіздам вылупілася ў 2021 годзе, і, як мяркуюць, за ўсё сваё жыццё яна вывела больш за 30 птушанят, адклаўшы пры гэтым больш за 50 яек.

Служба аховы рыбных рэсурсаў і дзікіх жывёл ЗША (USFWS) зрабіла здымкі Уіздам, якая выседжвае яйка з новым партнёрам (яго акальцавалі ў мінулую пятніцу для наступнай ідэнтыфікацыі). Яны напісалі на X: “Яна зноў гэта зрабіла!”

Старшы біёлаг дзікай прыроды ў Midway Atoll NWR Джон Пліснер назваў першае за чатыры гады яйка Уіздам "асаблівай радасцю" і сказаў, што ў яе, падобна, яшчэ ёсць энергія і інстынкты для гадавання яшчэ аднаго птушаняці.

"Мы настроеныя аптымістычна, што з яйка вылупіцца птушаня", — сказаў ён.

 

Бельгію прызналі вінаватай у выкраданнях людзей у Конга

Толькі ўявіце, суд краіны прызнаў гэтую ж краіну вінаватай у злачынстве супраць чалавечнасці! Такое адбылося на гэтым тыдні ў Бельгіі.

Цяпер дзяржава мусіць выплаціць пяці жанчынам з Конга па 50 000 еўра за нанесеную ім маральную шкоду і кампенсаваць больш за 1 мільён еўра судовых выдаткаў.

Жанчына супраць аўтамата і найстарэйшая птушка свету  — #ІхНоравы
Жанчыны, якія выйгралі суд / Francisco Seco / AP

Гэтым жанчымам цяпер за 70 гадоў. У дзяцінстве іх забралі ад маці праз змяшанае расавае паходжанне (ад чорнай маці і белага бацькі) і змясцілі ў каталіцкія дзіцячыя дамы. Апеляцыйны суд Бруселя назваў гэта “сістэматычным выкраданнем”, арганізаваным дзяржавай.

“Гэта перамога і гістарычны прысуд, — заявіла бельгійскім СМІ Мішэль Хірш, адна з адвакатаў пяці жанчын. — Гэта першы выпадак у Бельгіі і, магчыма, у Еўропе, калі суд асудзіў бельгійскую каланіяльную дзяржаву за злачынствы супраць чалавечнасці”.

У 2019 годзе бельгійскі ўрад упершыню прынёс прабачэнні за выкраданне тысяч метысаў — дзяцей змяшанага еўрапейскага і афрыканскага паходжання — у Конга (цяпер Дэмакратычная Рэспубліка Конга) у перыяд з 1959 па 1962 год, калі краіна была бельгійскай калоніяй.

 

"Клініка" вяртаецца

Тэлеканал ABC афіцыйна заняўся распрацоўкай перазапуску "Клінікі" — культавага сіткома пра дактароў, які выходзіў цягам дзевяці сезонаў у 2000-я і стаў адной з найлепшых тэлекамедый у гісторыі.

Жанчына супраць аўтамата і найстарэйшая птушка свету  — #ІхНоравы
Героі серыяла "Клініка" / Courtesy Everett Collection / NBC

Да праекта далучыцца стваральнік арыгінальнага шоу Біл Лорэнс, які выступіць адным з прадзюсараў серыяла. Да сваіх роляў вернуцца Зак Браф, Сара Чок, Дональд Фэйсан і Джон К. Макгінлі. Удзел Джудзі Рэес, якая грала Карлу, пакуль пад пытаннем.

У кастрычніку Лорэнс ужо расказваў, што “значная частка творчай каманды, якая працуе за камерай, і большая частка тых, хто перад камерай”, вернуцца да працы над новымі эпізодамі. “Усе вельмі захопленыя і ўсхваляваныя”, — адзначаў ён.

Тады стваральнік "Клінікі" адзначаў, што ўяўляе рэбут як спалучэнне працягу гісторыі старых персанажаў і перазагрузкі фармату з новым пакаленнем стажораў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі