Бяспраўнік пад Лунінцам ехаў з хуткасцю 199 км/гадз і забіў чалавека
У Лунінецкім раёне Брэстчыны 25 студзеня ў 12:16 адбылося ДТЗ са смяротным вынікам, паведамляе gaibrest.by.
39-гадовы жыхар Мікашэвічаў на "Пежо 407" каля вёскі Сінкевічы пры пад'ёме на мост праз раку Лань перавысіў хуткасць і ўрэзаўся ў "Пежо 607", які рухаўся ў спадарожным напрамку. За рулём гэтага аўто быў 36-гадовы мазырчук.
Пры ДТЗ атрымала цяжкія траўмы 63-гадовая жыхарка Мікашэвічаў, якая была на пярэднім пасажырскім сядзенні першага аўтамабіля. Жанчына памерла пры дастаўцы ў лякарню. Іншыя ўдзельнікі ДТЗ не пацярпелі.
Дарэчы, мабільны датчык кантролю хуткасці зафіксаваў, што аўтамабіль, які перавысіў хуткасць, ехаў на 199 км/гадз. Кіроўца аўтамабіля не мае права кіравання транспартам. Раней яго чатыры разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці: у 2009-м — за нецвярозае кіраванне аўтамабілем, а таксама тры разы за парушэнні ППД у якасці пешахода.
Медагляд паказаў, што мужчына і гэтым разам быў п'яны.
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу.