Жонка Аляксандра Васілевіча расказала, як ён за кратамі пераносіць COVID-19
Палітвязень Аляксандр Васілевіч у зняволенні захварэў на COVID-19, піша ў Фэйсбуку яго жонка Надзея Зелянкова.
Па яе словах, калі ў камеры ўсе захварэлі, то напісалі заяву, кад прыйшоў доктар. Той узяў кроў на аналіз. "Вынікі нікому не кажуць, але да гэтага моманту ў паловы камеры няма нюху і моцны кашаль, так што дыягназ пастаўце самі", — піша Зелянкова.
Камеру на 10 дзён закрылі на каранцін і дазволілі вязням удзень ляжаць на ложках. "Гэта добра, таму што ў паўтрызненні сядзець не лёгка. За 10 дзён лекар не заходзіць, ім ні разу не вымяраюць тэмпературу, не прыносяць ні аднаго леку", — дзеліцца падрабязнасцямі жонка палітвязня.
Антыбіётыкі Васілевічу не перадалі, таму ён піў тыя, якімі падзяліўся сусед. "Калі мы пытаем у лекараў звонку, што перадаць яму з лекаў, яны ўдакладняюць: "Які ўзровень сатурацыі?", "Якая тэмпература?”. Неяк нават няёмка смяяцца ў адказ", — распавядае Зелянкова. Па яе словах, лісты ад мужа не даходзілі, сустрэчаў з адвакатам у яго не было. А ў дзяжурнай частцы паведамлялі што ўсе здаровыя і COVID-19 у СІЗА няма.
"Праз 2 тыдні Саша піша заяву на рэнтген, лекар пнеўманіі не бачыць, але — нібыта бранхіт. Вось тут лекар ўпершыню прапануе лекі: калоць антыбіётыкі. Да гэтага моманту ў Сашы ўжо былі другія антыбіётыкі, ён пачынае піць. Да 30 студзеня яго вызваляюць ад прагулак", — піша Зелянкова.
Па словах жанчыны, сёння яна атрымала 8 лістоў за студзень. З іх даведалася, што муж не пісаў лісты з 4 па 10 студзеня. "А значыць, яму было настолькі дрэнна, што ён не мог пісаць", — робіць выснову яна.
Таксама Зелянкова даведалася з лістоў, што ў камеры вельмі халодна: усе ў куртках, Васілевіч — у дзвюх байках і шапцы. Чытаць нязручна, бо замярзаюць рукі. Пры гэтым Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэкс у турму не перадаюць — гэта забаронена.
Аляксандр Васілевіч — уладальнік рэкламнага агенцтва Vondel/Hepta, сузаснавальнік некалькіх гарадскіх медыя. Падчас выбарчай кампаніі ён адбыў адміністрацыйны арышт, калі прыйшоў падаць даручальніцтва за Віктара Бабарыку. 27 жніўня яго затрымалі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. На пачатку верасня Васілевічу выставілі абвінавачанне (па якім артыкуле, невядома — і адвакаты, і жонка далі падпіску аб неразгалошванні). Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.