Жонка Мікалая Статкевіча расказала пра тое, як ён успрыняў прысуд

Мікалай Статкевіч / Еўрарадыё 
Мікалай Статкевіч / Еўрарадыё 

Прысуд у 14 гадоў калоніі асаблівага рэжыму на настрой Мікалая Статкевіча ніяк не паўплываў, расказала ў інтэрв'ю "Нашай Ніве" жонка палітыка Марына Адамовіч. Напярэдадні Статкевічу далі магчымасць пабачыцца з жонкай. Спатканне прайшло ў СІЗА-3 Гомеля. Па словах Адамовіч, яна ні хвіліны не сумнявалася, што ўбачыць звычайнага Мікалая.

"Колькі б мы ні былі ў расстанні, пры сустрэчы адчуванне, што не развітваліся ні на хвіліну. Нічога ў ім не змянілася. Мікалай абсалютна такі ж, які быў. Спакойны, ураўнаважаны, перакананы, што гэта ўсё будзе цягнуцца вельмі нядоўга", — расказала жонка палітыка.

У гомельскім СІЗА-3 Статкевіч з траўня. Калі яго адправяць у калонію ў Глыбокім, Марына Адамовіч не ведае. Паводле яе словаў, для палітыка не стала сюрпрызам рашэнне суда прызначыць яму тэрмін у калоніі асаблівага рэжыму.

"Для яго зразумела, што гэта такая закамуфляваная форма турмы. Спакойна паставіўся. Сказаў, што, хутчэй за ўсё, будзе настойваць на адзіночнай камеры для сябе. Абсалютна не хоча, каб побач з ім размяшчалі, так скажам, спецыяльна навучаных людзей, якія будуць пісаць кіраўніцтву дакладныя", — адзначыла Марына Адамовіч.

У гомельскім СІЗА Статкевіч таксама вялікую частку часу правёў у адзіночнай камеры. Ён амаль не ўдзельнічаў у судовым працэсе — яго выдалілі на трэці дзень. На абвяшчэнне прысуду палітык, а таксама Сяргей Ціханоўскі адрэагавалі фразай "Жыве Беларусь".

Разам са Стакевічам 14 снежня быў вынесены прысуд Сяргею Ціханоўскаму (18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму), Арцёму Сакаву і Дзмітрыю Папову (па 16 гадоў узмоцненага рэжыму), Уладзіміру Цыгановічу і Ігару Лосіку (па 15 гадоў узмоцненага рэжыму). Усе яны прызнаныя палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі