Журналіст, якому рэжым Эрдагана пагражаў 18-ю гадамі турмы, напісаў Пачобуту
Андрэй Пачобут і Дэніз Ючэль / AFP/ KSENIYA AVIMOVA; Martin U.K. Lengemann
Былы карэспандэнт выдання Die Welt у Турцыі Дэніз Ючель, які адседзеў год у турэцкай турме па абвінавачванні ў "тэрарыстычнай прапагандзе" напісаў палітвязню Андрэю Пачобуту. Ліст публікуюць Die Welt і Gazeta Wyborcza.
"Андрэй, як гэта ні парадаксальна, нават беларускі рэжым таксама праяўляе да вас павагу. Асабіста я заўсёды разглядаў свой арышт як узнагароду за журналісцкую працу. Такая своеасаблівая журналісцкая ўзнагарода часта і даволі шчодра прысуджаецца аўтарытарнымі рэжымамі", — піша Дэніз.
Былы карэспандэнт газеты Die Welt у Стамбуле Дэніз Ючэль (Deniz Yücel) — адзін з самых вядомых журналістаў у Нямеччыне і ў Еўропе наогул. У 2017 годзе Ючэлю пагражала турэмнае зняволенне тэрмінам да 18 гадоў.
"Андрэй, ты ўжо 106 дзён сядзіш у турме ў Беларусі. Думаю, я магу трохі здагадацца, што ты адчуваеш і якія думкі прыходзяць табе ў галаву, нават калі табе прыйдзецца вынесці больш суровыя ўмовы, чым мне ў турэцкай турме. Спатканні з сям'ёй, медыцынскае абслугоўванне, доступ да газет і інфармацыі — усё гэта ў маім выпадку было даступна і рэгламентавана больш прымальна, чым у тваім".
Ліст Ючэля Пачобуту апублікаваны 9 ліпеня — падчас чарговай аблавы сілавікоў на незалежныя беларускія СМІ. Нямецкі журналіст распавядае, што яму свабоду прынесла міжнародная кампанія салідарнасці.
"Я быў не адзін. Мяне падтрымлівалі жонка, сям'я і юрысты. Асабліва ў Германіі, краіне, дзе я нарадзіўся і вырас, было шмат хваляванняў. Мае сябры арганізавалі беспрэцэдэнтную кампанію салідарнасці, мяне падтрымалі мае калегі з рэдакцыі Die Welt, маёй былой газеты "Таз" і ўсіх іншых нямецкіх СМІ, чытачы, асацыяцыі журналістаў, грамадзянская супольнасць, палітыкі з усіх дэмакратычных партый, урад і апазіцыя, і, вядома ж, калегі і сябры апазіцыі з Турцыі і іншых частак свету.
Гэта было падобна на аркестр, дзе ўсе граюць на розных інструментах, але эфект ад гэтага становіцца відавочным толькі тады, калі яны граюць разам. Для тых, хто мяне ведаў, гэта, вядома, таксама асабістая справа. Аднак я лічыў, што гаворка ідзе не толькі пра мяне і не толькі пра іншых калег, арыштаваных у Турцыі. Гэта было пытанне прынцыпу. Нягледзячы на ўсе іншыя адрозненні паміж намі, гаворка ішла пра абаронеу свабоды прэсы і свабоды слова, без якіх не можа быць дэмакратыі".
Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган не раз трапляў у рэйтынгі "ворагаў свабоднай прэсы", паколькі ва ўсіх СМІ, якія яго крытуць, заўсёды пачынаюцца праблемы. Дэніза Ючэля Эрдаган асабіста называў "агентам" і "тэрарыстам". А яшчэ Ючэль, як і Пачобут, абвінавачваўся ў "распальванні нянавісці", за тое, што пісаў пра стаўленне турэцкай дзяржавы да курдскай меншасці і пра адмаўленне генацыду армян.
Журналіста і актывіста Саюза палякаў у Беларусі Андрэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка. Ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага ў Мінску, дзе ў яго вельмі пагоршылася здароўе. Улады прапаноўвалі журналісту свабоду ў абмен на ад'езд з Беларусі, ён адмовіўся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.