Журналіста Андрэя Козела прывезлі ў суд Цэнтральнага раёна
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска ідзе суд над журналістам Андрэем Козелам. Яго затрымалі ўвечары 18 лютага на адным з выбарчых участкаў сталіцы. Журналіста вінавацяць у непадпарадкаванні міліцыі.
Ноч Козел правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Зранку яго вывезлі, але ў суд даставілі толькі ў абед. Дзе журналіст знаходзіўся некалькі гадзін, невядома.
Прэс-служба ГУУС міліцыі паведаміла, што Козел быў назіральнікам на адным з участкаў і вёў стрым з падліку галасоў. Старшыня камісіі запатрабаваў, каб ён спыніў здымкі. Аднак Козел адмовіўся спыніць здымкі, пасля чаго старшыня выбаркаму выклікаў міліцыю.
Па версіі міліцыі, журналіст пры затрыманні разбіў нагой шкло ў дзвярах. Відавочцы затрымання кажуць, што міліцыянты выбівалі дзверы галавой затрыманага Козела.