Журналістку "Белсата" Кацярыну Андрэеву этапавалі ў магілёўскае СІЗА
Журналістку "Белсата" Кацярыну Андрэеву этапавалі з Жодзіна ў магілёўскае СІЗА — гэта прамежкавы пункт перад адпраўкай у гомельскую жаночую калонію. Пра гэта ў Фэйсбуку напісаў муж журналісткі Ігар Ільяш.
"Сам этап сюрпрызам не стаў, ён чакаўся ў ноч з 17 на 18 траўня. Але да канца было незразумела, павязуць яе наўпрост у Гомель або з заездам у Магілёў. Аказалася, што ўсё-такі праз Магілёў. У якіх умовах праходзіў сам этап, у мяне пакуль няма інфармацыі.
У сваім апошнім лісце з Жодзіна Каця пісала, што хоча ўжо хутчэй апынуцца ў калоніі — на гэтай "завяршальнай стадыі сваёй турэмнай эпапеі", як яна выказалася", — піша Ільяш.
Колькі Андрэева прабудзе ў Магілёве, невядома. Дарэчы, гэткім жа шляхам — праз Магілёў — у гомельскую калонію везлі журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч, якая ўчора выйшла на волю. Яе шлях з Жодзіна ў гомельскую калонію заняў тыдзень.
Няма дакладных звестак наконт Дар'і Чульцовай, асуджанай разам з Андрэевай. Верагодна, што іх этапавалі разам.
Журналістак "Белсата" затрымалі 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Іх прызналі вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Абедзвюм прысудзілі па 2 гады калоніі агульнага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.