Журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч перавялі з СІЗА КДБ у Жодзіна
Кацярына Барысевіч / BelTA / Handout via Reuters
Журналістку TUT.BY Кацярыну Барысевіч перавялі з СІЗА на Валадарскага ў турму Жодзіна, паведамляе тэлеграм-канал Беларускай асацыяцыі жарналістаў.
Пра перавод стала вядома пасля спробы пакінуць на Валадарскага перадачу для Кацярыны. Яе не ўзялі.
Кацярына Барысевіч разам з доктарам Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Арцёмам Сарокіным сталі фігурантамі крымінальнай справы аб "0 праміле". Пасля гутаркі з Сарокіным Кацярына апублікавала артыкул пра тое, што Раман Бандарэнка ў момант паступлення ў бальніцу пасля брутальнага затрымання на "Плошчы перамен" быў цвярозы. Аляксандр Лукашэнка і іншыя чыноўнікі сцвярджалі адваротнае.
2 сакавіка суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаў журналістку і доктара вінаватымі ў "разгалашэнні медыцынскай таямніцы, што пацягнула цяжкія наступствы" (ч.3 арт. 178 КК). Барысевіч прызначылі пакаранне ў выглядзе шасці месяцаў пазбаўлення волі і штрафу 100 базавых велічынь (2900 рублёў), а Сарокіну — у выглядзе двух гадоў калоніі з адтэрміноўкай пакарання на год. Доктара вызвалілі ў зале суда.
Пазней Генпракуратура Беларусі падала апеляцыйны пратэст на гэты прысуд — там палічылі пакаранне, прызначанае Барысевіч, занадта мяккім. Мяркуецца, што Мінскі гарадскі суд разгледзіць апеляцыю 20 красавіка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.