Журналісту-палітвязню Ігару Карнею прысудзілі яшчэ 8 месяцаў калоніі
Ігар Карней на судзе
Яшчэ восем месяцаў калоніі прысудзілі журналісту-палітвязню Ігару Карнею, перадае Радыё "Свабода".
Новы суд над ім адбыўся 11 снежня ў Шклове, дзе журналіст адбывае пакаранне ў калоніі. Карнея абвінавацілі ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі. Гэтае абвінавачанне нярэдка выстаўляюць палітвязням, якіх не хочуць выпускаць на волю. Яно дазваляе трымаць людзей за кратамі неабмежаваны час.
У 2023 годзе Карнея асудзілі на тры гады пазбаўлення волі паводле ч. 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Вядома, што ў калоніі яго змяшчалі ў штрафны ізалятар (ШІЗА). А з лета 2024-га яго пасадзілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) — туды адпраўляюць вязьняў, якія нібыта не сталі на шлях выпраўлення.
1 студзеня Ігару Карнею споўніцца 57 гадоў. З улікам новага прысуду на волю ён выйдзе толькі ў кастрычніку 2026 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.