Журналісты вырашылі зафарбаваць рэкламу наркотыкаў, але нешта пайшло не так
Наста Бойка выбірае фарбу, каб зафарбоўваць графіці з рэкламай наркотыкаў.Фота тут і далей: Раман Пратасевіч / Еўрарадыё
Уважлівы чалавек можа знайсці ў мінскім мікрараёне Малінаўка шмат графіці з рэкламай наркотыкаў. Адрасы Telegram-каналаў і ботаў, якія прадаюць псіхатропы, красуюцца на жылых дамах, трансфарматарных будках і нават на адным з гандлёвых цэнтраў.
За месяц, які прайшоў з часу, як невядомыя трафарэтчыкі распісалі раён, з надпісамі не адбылося ўвогуле нічога: ні камунальнікам, ні міліцыі да іх не было ніякай справы. 21 сакавіка журналісты Еўрарадыё вырашылі, што выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Мы скінуліся на фарбу і пэндзлі, і ўвечары пасля працы адправіліся зафарбоўваць рэкламу наркотыкаў самі.
Для пачатку мы патэлефанавалі ў адміністрацыю ГЦ "Базіс". Там нам адказваюць, што самі прыбяруць рэкламу телеграм-канала з наркотыкамі са сцяны гандлёвага цэнтра: гэта лепш рабіць не фарбай, а растваральнікам, і трэба пачакаць, пакуль усталюецца добрае надвор'е. Верым і адразу едзем па іншых адрасах, дзе заўважаная шкодная рэклама.
Неверагодна, але факт: усе назвы телеграм-каналаў, якія яшчэ раніцай адсвечвалі на звыклых месцах, раптам апынуліся зафарбаваныя! Вось яна — сіла прэсы! Ці сіла думкі?
У некаторых месцах тэкст праступіў скрозь фарбу. Мы гатовыя падзяліцца з камунальнікамі матэрыяламі, што засталіся ў нас. На добрую справу не шкада!
Самім зафарбоўваць наркаграфіці не забаронена, выканкам толькі дзякуй скажа
У адміністрацыі Маскоўскага раёна нам расказалі, што выдаляць рэкламу наркотыкаў са сцен дамоў і трансфарматарных станцый жыхарам не забаронена.
"Можаце зафарбоўваць, — кажа начальнік аддзела гарадской гаспадаркі адміністрацыі Ігар Чарнецкі. — Я не буду супраць, нават скажу вялікі дзякуй. Адзінае, што папрасіў бы: хоць часткова ўлічваць каляровую гаму. Таму што, на жаль, патрэбныя колеры часам не могуць падабраць нават нашы камунальныя службы".
Ігар Чарнецкі просіць неабыякавых мінчан фатаграфаваць наркаграфіці і дасылаць разам з адрасамі ў раённую адміністрацыю на e-mail: [email protected]. Гэта дапаможа паскорыць іх выдаленне.
У міліцыі Маскоўскага раёну Мінска нам пацвердзілі: затрымліваць грамадзян, якія дапамагаюць камунальнікам зафарбоўваць рэкламу наркотыкаў, не будуць.
Чаму рэклама наркотыкаў падоўгу не знікае са сцен?
Ігар Чарнецкі кажа, што прычынай могуць быць ўмовы надвор'я — лепш не фарбаваць сцены ў дождж ды ў мінусавую тэмпературу. А залішняя аператыўнасць часам прыводзіць да таго, што сцены зафарбоўваюцца неакуратна, што таксама дрэнна.
Высветліць, хто ж зафарбаваў наркатычныя графіці неўпрост перад прыходам журналістаў, у нас не атрымалася. Ды не вельмі-та і хацелася: якая розніца хто, як і чаму: карысная справа-та зроблена!