Жыхар Брэста зарэгістраваў моладзевую арганізацыю "Абсурд"

Адпаведны дакумент падпісаны ў адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста.

"Асноўнай мэтай установы "Абсурд" будзе ўмацаванне пачуцця нацыянальнай самасвядомасці грамадзян Рэспублікі Беларусь — прыналежнасці грамадзян да адзінай беларускай грамадзянскай супольнасці, павышэнне нацыянальнай і патрыятычнай культуры, выхаванне павагі да гістарычнай і культурнай спадчыны краіны, а таксама павышэнне прэстыжу здаровага ладу жыцця", — пералічвае вытрымкі са стaтуту арганізацыі яе кіраўнік Аляксандр Храпко.

Назва арганізацыі, мякка кажучы, не зусім пасуе агучаным мэтам: усё гучыць досыць сур'ёзна. У чым тады абсурд? Першае ўражанне — ці не троліць малады чалавек Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі? БРСМ таксама пазіцыянуе сябе выхавальнікам нацыянальнай і патрыятычнай культуры, а прапаганда здаровага ладу жыцця — ледзь не галоўны сродак гэтага выхавання.

Версію са здзекам над БРСМ моладзевы актывіст абвяргае, але іранічны кантэкст тут усё ж такі прысутнічае. Па словах Аляксандра Храпко, менавіта з абсурдам ён сустрэўся ў аддзеле юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама падчас рэгістрацыі сваёй установы. 

"Назва такая, бо я 2 месяцы спрабаваў зарэгістраваць іншыя назвы. Гэта былі проста прыгожыя словы: напрыклад, самы першы варыянт — "Свежы погляд", таксама былі "Рэверанс", "Рэнесанс"... Аднак мне з незразумелых прычынаў адмаўлялі. Я вырашыў, што гэта абсурдна, і вырашыў назваць арганізацыю "Абсурд".

Безумоўна, гэта быў крок адчаю, але нечакана для самога заяўніка... да яго прыходзіць сертыфікат. У Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў цяпер афіцыйна значыцца ўстанова "Абсурд".

Чаму чыноўнікі раптоўна дазволілі менавіта жартаўлівую назву?

Аляксандр Храпко кажа, што падчас чарговай няўдалай спробы ўзгадніць назву ў яго адбыўся канфлікт з чыноўніцай. Супрацоўніца аддзелу юстыцыі пагражала выклікаць на актывіста міліцыю. Усё гэта ён таемна запісаў на дыктафон. Запіс пазней з'явіўся ў сеціве і ў сродках масавай інфармацыі.

"Хутчэй за ўсё яе кіраўніцтва пабачыла ў СМІ, што такое адбываецца, і, магчыма, "зверху" яе "прыціснулі", маўляў, што за бязглуздзіцай яна займаецца. Таму яна пайшла насустрач і ўсё ж такі зарэгістравала. Дзіўная і абсурдная сама сітуацыя: іншыя больш нейтральныя назвы не рэгістравала, а сапраўды абсурдную — так. Думаю, спалохалася публічнасці".

Магчыма, што без тролінгу ў гэтай гісторыі ўсё ж такі не абышлося. Праўда, у гэтым выпадку не актывіст троліць уладаў, а ўлада актывіста. Ці не зашкодзіць назва “Абсурд” займацца сур’ёзнай дзейнасцю, пакажа толькі час.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі