Жыхар Брэста зняў дакументальны фільм пра чарговы скандал з высяленнем
Пазбавіцца сваёй маёмасці могуць жыхары дома №42 і 44 па вуліцы Гогаля.
Высяленне жыльцоў двух брэсцкіх дамоў у цэнтры горада стала сюжэтам для дакументальнага фільма "Перадзел, або Дзяржаўная патрэба ў трактоўцы брэсцкіх чыноўнікаў". Яго зняў вядомы ў Брэсце вядучы і шоумен Сярген Пятрухін:
"Я хачу дапамагчы кіраўніцтву нашай краіны, якое прыняло закон аб карупцыі. Яны невыпадкова яго прынялі, бо факты гэтага злоўжывання чыноўнікаў стоадсоткава ёсць, — тлумачыць Сяргей Пятрухін, навошта ўзяўся за здымкі стужкі. — Я проста хачу данесці да кіраўніцтва краіны, што ў Брэсце гэта адбываецца. Хачу, каб ведалі пра людзей, якія трапляюць у такую сітуацыю, і каб за іх заступіліся тыя, хто мусіць гэтым займацца".
Да рэжысёра-аматара патэнцыйныя высяленцы звярнуліся, калі пабачылі іншы яго фільм, "Людзі на ўскрайку". У ім расказвалася пра аналагічную спробу выселіць людзей з дома па вуліцы Астроўскага, 10. Дарэчы, паўтара года судоў і скаргаў у пракуратуру прынеслі вынік, і людзі здолелі адстаяць свой дом. Будынак, які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, быў выключаны з інвестыцыйнага праекту забудовы.
Спробы ж выселіць людзей з дамоў №42 і 44 пачаліся два гады таму. Іх жыллё прызналі аварыйным акурат у той самы час, калі тэрыторыяй зацікавіўся інвестар. Людзі здолелі самастойна давесці ў Брэсцкім аблвыканкаме, што іх дамы такімі не з'яўляюцца. Рашэнне аб зносе і прызнанні аварыйнасці будынкаў тады адмянілі. Цяпер людзей збіраюцца адсяліць пад фармулёўкай "дзяржаўная патрэба", расказаў Еўрарадыё жыхар дома Якаў Радкавец:
"Недзе гэтым летам прыйшла паперка з гарвыканкама пра намер канфіскаваць зямельныя ўчасткі для дзяржпатрэбаў! Дзяржпатрэба! Паставілі адну піўнушку, іншую — гэта дзяржпатрэба. Кажуць, аб'екты сацкультбыту тут будуць. Якія аб'екты сацкультбыту? Што за дзяржпатрэба? Не ведаем. Можа, хочуць паставіць тут нейкую піўнушку, а нас выкінуць на ўскраіну горада".
Асабіста Якаў Васільевіч ніякіх прапаноў не атрымліваў. Аднак да некаторых суседзяў прыходзілі людзі, якія называлі сябе прадстаўнікамі інвестара. Уласнікам трохпакаёвых кватэр у цэнтры Брэста яны прапанавалі "двушкі" на ўскрайку ў мікрараёне Паўднёвы. Вядома, што на такі нераўназначны абмен яны не пагадзіліся.
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма