Жыхар Гомельшчыны безвынікова спрабуе адсудзіць у суседа частку сваёй зямлі
Уладзімір Макаранка ўпэўнены, што ў судах суседу дапамагаюць сувязі.
Шматгадовае суседскае супрацьстаянне бярэ пачатак у 2010 годзе. Менавіта тады Уладзімір Макаранка набыў і зарэгістраваў участак у вёсцы Яроміна, што за 5 кіламетраў ад Гомеля. Да суда дайшла справа, калі новы ўласнік паставіў плот на мяжы ўчасткаў. Сусед паскардзіўся на тое, што агароджа перашкаджае яму заязджаць у гараж.
Першы суд сусед прайграў. Аднак сітуацыя кардынальна змянілася, калі ён вырашыў абскардзіць рашэнне папярэдняй інстанцыі ў Гомельскім абласным судзе. Суддзя абскарджанне задаволіў, і яго рашэннем Макаранка пазбавіўся і плота, і кавалку зямлі, на якім ён месціўся. Амаль 50 квадратных метраў зямлі перайшлі ў маёмасць суседа.
Па словах Уладзіміра Макаранкі, з дакументамі ў яго праблемаў няма, аднак абскардзіць рашэнне на сваю карысць у мужчыны не атрымліваецца:
"Якія там нюансы? У яго сувязі паўсюль і навокал — аброс імі! Брат працуе ва Упраўленні ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкама, займае высокую пасаду. На колькі я ведаю, курыруе працу міліцыі ўсёй вобласці! Не ведаю, праўда ці не, але чуў такое".
Па словах Макаранкі, устаноўка плоту была вымушанай мерай. Канфліктныя сітуацыі пачалі ўзнікаць, калі ён даведаўся пра род заняткаў свайго суседа — фарбаванне аўтамабіляў. Праз пах фарбы з суседняга ўчастку немагчыма было знаходзіцца на сваім. Макаранка прапанаваў аўтамайстру прыпыніць рамонты, але нявыгадную для бізнесу прапанову той адхіліў. Знайсці кампраміс у суседзяў не атрымалася. Плот жа сапраўды часова перашкодзіў заезду ў гараж аўтамабіляў для рамонту.
Макаранка дадае, што сусед — інвалід ІІ групы і па законе ўвогуле не мае права працаваць. Да факту незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці была спроба прыцягнуць увагу праваахоўнікаў. Але нават маючы доказы, у Макаранкі гэтага не атрымалася.
"Выклікаю міліцыю — прыязджае ўчастковы. У мяне на руках фотаздымкі яго машын на рамонце — іх паказваю ўчастковаму. Участковы ідзе да суседа, шэпчацца з ім... Праз тыдзень прыходзіць адказ: пры праверцы нічога не выяўлена. Нібыта я хлушу і ўсё гэта прыдумаў!"
Макаранка прызнаецца, што адзіная надзея дабіцца справядлівасці — дайсці да Вярхоўнага суда. Мужчына спадзяецца, што па-за межамі вобласці сувязяў суседскага брата будзе недастаткова.
Працяг і падрабязнасці гэтай гісторыі слухайце ў адной з наступных праграм "Кардыяграма".