Жыхар Ваўкавыска пералічыў інтэрнэт-махлярам 33 тысячы долараў
Ваўкавыскі райаддзел Следчага камітэта пачаў крымінальную справу за завалоданне маёмасцю шляхам падману ў асабліва буйным памеры.
З заявай звярнуўся 31-гадовы жыхар Ваўкавыска. Ён распавёў, што ў лютым 2017 года атрымаў прапанову ад кампаніі Exo Capital Markets Limited Global (Trade 12). Фірма займалася фінансавымі паслугамі пры інтэрнэт-здзелках з купляй-продажам металаў, нафты, каштоўных металаў. Мужчына дакладна выконваў указанні брокераў кампаніі, укладаючы ўласныя грошы. За два гады ён пералічыў каля 33 тысяч долараў. Мужчына нават прадаў уласны аўтамабіль і ўзяў крэдыт у банку.
А падчас чарговай здзелкі невядомая асоба з аддаленага доступу абнуліла ягоны віртуальны рахунак. Тады мужчына зразумеў, што стаў ахвярай махлярства. Брокеры кампаніі для вяртання нібыта страчаных грошай запатрабавалі, каб ён папоўніў рахунак. Калі ж мужчына адмовіўся выканаць патрабаванне ў поўным аб'ёме, прадстаўнікі кампаніі зусім перасталі выходзіць на сувязь.
Следчыя высветлілі, што кампанія Exo Capital Markets Limited Global (як вынікае з інфармацыі ў інтэрнэце) зарэгістраваная ў Англіі, а працуе ў рамках заканадаўства Рэспублікі Маршалавых Астравоў. Пры гэтым на шэрагу сайтаў ёсць звесткі пра ашуканства з боку гэтай кампаніі.