Жыхара Бараўлянаў арыштавалі на 15 сутак за БЧБ-гірлянду на акне
Жыхара Бараўлянаў Дзмітрыя Ганчарова асудзілі на 15 сутак арышту за бел-чырвона-белую гірлянду на акне. Разгляд справы адбыўся 15 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе, пішуць праваабаронцы "Вясны".
Ганчарова затрымалі ў яго дома 14 красавіка. Міліцыянты забралі і сродак правапарушэння — гірлянду, якая ўжо на гэты момант была знятая. Дарэчы, у снежні 2020-га Дзмітрыя аштрафавалі на 20 базавых за сцяг на акне, таму цяпер на яго склалі пратакол за "паўторнае правапарушэнне". Да суда Ганчароў заставаўся за кратамі.
Сваю віну ён на судзе не прызнаў. Дзмітрый патлумачыў, што гірлянда вісела яшчэ з Новага года — "для настрою". Ён згадаў, што за пару дзён да затрымання міліцыянты фатаграфавалі яго акно.
Суддзя Антон Колабаў паглядзеў, што на некаторыя агеньчыкі гірлянды налепленая чырвоная ізастужка, таму прызнаў Дзмітрыя вінаватым у неасанкцыянаваным пікеце і прысудзіў 15 сутак арышту. Гірлянду суддзя пастанавіў знішчыць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.