Жыхарка Брэста скардзіцца на незаконныя дзеянні міліцыянера

Мабільны тэлефон знік у вучаніцы брэсцкай музыкальнай школы сёлета ў траўні. Бацькі заўважылі прапажу толькі ў ліпені, і звярнуліся ў міліцыю. 12-гадовая Маша стала фігуранткай справы, бо праваахоўнікі лічаць, што нібыта яна зрабіла званок са скрадзенага тэлефона.

Па словах Інгі Уладзіміраўны, маці Машы, тэлефанаванне атрымала былая сяброўка яе дачкі Наста. Дзяўчынкі паміж сабой не сябруюць ужо некалькі месяцаў, аднак Наста чамусьці паведаміла менавіта пра Машу.

"Мы нават рабілі "скрыны" з "Вконтакте", як яны пасварыліся, і з лютага адносінаў не падтрымліваюць... У яе следчы запытаў, хто табе тэлефанаваў? Яна не ўзгадала. Як узгадае дзіця ў ліпені месяцы, хто яму тэлефанаваў у траўні? А праз два тыдні на допыце яна выдала інфармацыю, што гэта ёй званіла Маша. І вось толькі на падставе словаў гэтай дзяўчынкі маю дачку цяпер катуюць".

У жніўні супрацоўнік Маскоўскага РАУС г. Брэста наведаўся дадому да дзяўчынкі, дзе паспрабаваў паразмаўляць з ёй сам-насам. Не атрымаўшы на гэта дазвол бацькоў, ён зноў прыйшоў на размову, але гэтым разам 1-га верасня ў школу. Па словах дзяўчынкі, супрацоўнік міліцыі прымушаў яе прызнацца ў крадзяжы тэлефона. Звязацца перад гутаркай з роднымі ці адвакатам ён не дазволіў, хоць яна пра гэта прасіла. Апытанне праводзілася ў прысутнасці педагога, які аніяк не перашкаджаў дзеянням міліцыянера.

Праваабаронца Раман Кісляк лічыць недапушчальным здзяйсненне падобных учынкаў у дачыненні да дзіцяці. Апроч таго, што дапытваць непаўналетніх без бацькоў нельга па заканадаўстве, оперупаўнаважаны парушыў прэзумпцыю невінаватасці — адзін з асноўных прынцыпаў крымінальнай судовай вытворчасці.

"Супрацоўнік крымінальнага вышуку, як у дадзеным выпадку, не павінен замяняць сабой і следства, і пракуратуру, і суд. Яны (міліцыя. — Еўрарадыё) ўжо вырашылі, што гэтая дзяўчынка вінаватая, і бацькі мусяць выплаціць кампенсацыю пацярпеламу боку, каб справа была зачыненая. Але яна не лічыць сябе вінаватай! Супрацоўнікі міліцыі мусяць дзейнічаць у дачыненні да грамадзян такім чынам, каб ні ў якім выпадку не ставіць іх у стан вінаватых асоб".

29 верасня Інга Уладзіміраўна накіравала заяву ў Генеральную пракуратуру. Жанчына патрабуе распачаць крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі з-за перавышэння ім паўнамоцтваў.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі