Жыхароў Літвы рыхтуюць да магчымай аварыі на Беларускай АЭС

Жыхароў Літвы рыхтуюць да магчымай аварыі на Беларускай АЭС

Жыхароў Літвы будуць вучыць дзеянням у выпадку магчымай аварыі на Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астравецкім раёне. Як інфармуе Delfi, вучэнні дзяржаўнага ўзроўню 1-4 кастрычніка збіраюцца правесці ў Віленскім і Швенчэнскім раёнах. Магчыма, яны закрануць і Вільню.

Кіраўнік упраўлення грамадзянскай бяспекі дэпартамента супрацьпажарнай аховы і ратавання Эдгарас Гяда кажа, што мэта вучэнняў — "прааналізаваць практычныя аспекты, звязаныя з папярэджаннем і інфармаваннем жыхароў, іх эвакуацыяй, часовым перамяшчэннем, дэзактывацыяй".

У запланаванай акцыі будуць удзельнічаць не толькі спецыялісты розных дзяржаўных структур, але і мясцовыя жыхары ("людзі-статысты"). Плануецца праводзіць эвакуацыйныя мерапрыемствы, каб максімальна наблізіць вучэнні да рэальнага сцэнару. Важным аспектам будзе праверка дзеяння сістэмы папярэджання насельніцтва на дзяржаўным і муніцыпальным узроўні, не дапушчэнне панікі.

Як вядома, Беларуская АЭС будуецца недалёка ад мяжы з Літвой. Улады гэтай краіны негатыўна ўспрынялі гэты праект і заяўляюць пра будаўніцтва з парушэннямі патрабаванняў бяспекі. Мінск з гэтым катэгарычна не згодны. Вільня апелявала да еўрапейскіх структур, аднак спыніць будаўніцтва не змагла. Першы рэактар мусіць быць здадзены ў эксплуатацыю да канца 2019 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі