Брэстчане пратэстуюць супраць будаўніцтва "італьянскага квартала" (фота)

У брэсцкім гарвыканкаме 12 жніўня прайшлі грамадскія абмеркаванні на прадмет узвядзення так званага "італьянскага квартала". У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі уладаў і жыхары, дамы якіх паводле праекту трапляюць пад знос. Да самой сустрэчы прадстаўнікі грамадскай супольнасці падрыхтаваліся значна лепей за апанентаў. Яны аргументавана агучылі пытанні, звязаныя з праблемамі азелянення, экалогіі, транспарту, а таксама з супярэчнасцямі ў нарматыўных актах. Аднак поўных адказаў людзі не атрымалі. Прадстаўнікі камісіі паведамілі, што ім патрэбен час, каб падрыхтаваць пісьмовыя рэзалюцыі.

Па словах адной з удзельніцаў слуханняў Ірыны Ткачовай, дыялогу з уладамі, на які жыхары разлічвалі, не атрымалася, аднак станоўчыя вынікі ад сустрэчы ўсё роўна ёсць. Расказвае Ірына:

“Гэта той выпадак, калі жыхары паднялі галаву, падалі голас. Ніводная структура, якая падпісала гэты праект, не была гатовая. Для іх быў шок, яны ўпалі ў ступар, калі мы прыбеглі з заявай аб сустрэчы. Ніякай камісіі да грамадскіх абмеркаванняў сабрана не было! Мы задаволеныя тым, што ўсё ж такі дагрукаліся, настаялі на гэтай сустрэчы і правялі яе. Цяпер будзем чакаць вынікаў”.

Канфліктная сітуацыя ўзнікла некалькі гадоў таму. Тэрытарыяльны квадрат вуліц Міцкевіча, Савецкая, Камсамольская і Пушкінская прыглянуўся італьянскай фірме. Замежнікі запланавалі рэалізаваць тут, у самым цэнтры Брэста, інвестыцыйны праект. Кіраўніцтва горада дазволіла забудову, таму ўжо амаль 4 гады 26 сем’яў з дамоў на  гэтай тэрыторыі літаральна "жывуць на валізках" у чаканні высялення.

Сітуацыю Еўрарадыё пракаментаваў актывіст Руху "За Свабоду" Дзяніс Турчаняк, які ўжо некалькі гадоў як праваабаронца дапамагае жыхарам дамоў, што ідуць пад знос.

“Інвестар не прыйшоў да ўласніка з прапановай аб тым, што “я ў вас набуду, а пазней на гэтым месцы я буду рабіць што пажадаю”. Не, пытанне стаіць па-іншаму: інвестар прыйшоў у выканкам і сказаў: “Я хачу на гэтым месцы будавацца, але там нейкія людзі жывуць. Вы там пытанне вырашыце, а я буду будавацца”. Гэта самая натуральная карупцыя!”

Большасць сем’яў, на месцы дамоў якіх плануецца рэалізацыя "італьянскага квартала", не задавальняюць прапановы інвестара. Адна з апошніх: аплата за кошт фірмы здымнага жылля і засяленне ў новыя кватэры пасля пабудовы шматпавярховіка на месцы старых дамоў. Аднак людзей бянтэжыць працэдура ацэнкі іх маёмасці. На слуханнях выявілася, што праводзіць ацэнку праходзілі толькі ў 2 кватэры. Пытанне: якім жа чынам ацанілі астатнія? Гэта чыноўнікі таксама пакінулі без адказу.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі