Жыхары былога ваеннага гарадка пад Гомелем узбунтаваліся супраць назваў вуліц

Жыхары былога ваеннага гарадка пад Гомелем узбунтаваліся супраць назваў вуліц

У былым ваенным гарадку Зябраўка пад Гомелем вырашылі даць назвы вуліцам. Дагэтуль вуліцы там былі безназоўныя.

Мясцовыя жыхары абурыліся новаўвядзеннем, паведамляе тэлеканал "Беларусь 1". Яны вырашылі, што гэта лішнія клопаты і лішнія фінансавыя выдаткі. 

У мясцовым сельсавеце не раз спрабавалі правесці сход сярод жыхароў Зябраўкі, каб патлумачыць, што даць назвы вуліцам неабходна ў тым ліку для зручнасці саміх жыхароў. Як кажуць чыноўнікі, пры куплі, продажы або перадачы ў спадчыну нерухомасці патрэбна ўказваць дакладны нумар дома. 

Цяпер жа ў Зябраўцы побач знаходзяцца, напрыклад, дамы пад нумарамі 158 і 195. Мясцовыя жыхары ў гэтай нумарацыі разбіраюцца, а хуткая дапамога або ратавальнікі блытаюцца. 

Яшчэ адной перашкодай сталі зямельныя ўчасткі. Былыя вайскоўцы і іх сем'і апрацоўвалі дзялкі шмат гадоў, але аформіць дакументы не паклапаціліся. У сельсавеце гавораць, што паводле закону трэба аформіць межы на мясцовасці. Зрабіць гэта можа толькі спецыялізаваная арганізацыя — напрыклад, Гомельгіпразем, які возьме грошы за сваю працу. 

Дарэчы, у Гомельскім райвыканкаме адзначаюць, што ўжо больш за палову жыхароў Зябраўкі аформілі новыя адрасы ў сваіх пашпартах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі