Жыхары Горак пратэстуюць супраць будаўніцтва гаражоў каля мемарыяла

Жыхары Горак пратэстуюць супраць будаўніцтва гаражоў каля мемарыяла

У Горках на Магілёўшчыне жыхары выступілі з пратэстам супраць будаўніцтва гаражоў каля мемарыяла “Смуткуючая маці”, дзе падчас Другой сусветнай вайны адбываліся расстрэлы мірных жыхароў і ваеннапалонных.

Зялёную зону за помнікам пачалі забудоўваць без усялякага грамадскага абмеркавання. Таму на знак пратэсту жыхары навакольных дамоў пачалі збор подпісаў і правялі агульны сход, інфармуе праваабарончы сайт "Вясна".

Жыхары мікрараёна “Чаромушкі” лічаць, што дакладныя межы пахаванняў ахвяр Другой сусветнай вайны не вызначаныя дагэтуль. Яны мяркуюць, што акрамя Парка памяці тут не павінна быць ніякай забудовы.

Грамадзяне стварылі ініцыятыўную групу і арганізавалі збор подпісаў пад зваротам у Горацкі райвыканкам. 31 жніўня яны парвялі сход каля месца будаўніцтва гаражоў. На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама некаторыя з будучых уладальнікаў гаражоў. Старшыня Горацкага райвыканкама Уладзімір Піскіжаў паведаміў, што рашэнне пра будаўніцтва гаражоў каля помніка было прынятае да яго прызначэння на пасаду. Ён заявіў, што гатовы выслухаць аргументы бакоў і запрасіў усіх зацікаўленых у вырашэнні канфлікта прыйсці да яго на прыём 9 верасня.

Дарэчы, у 2011 годзе горацкія ўлады спрабавалі пачаць будаўніцтва гаражоў за помнікам, але тады жыхары Горак здолелі адстаяць гэтае месца. Тагачасны старшыня Горацкага райвыканкама прыняў рашэнне заснаваць на пустуючай тэрыторыі парк: быў арганізаваны суботнік, удзельнікі якога пасадзілі маладыя дрэвы.

Фота: horki.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі