Жыхара Іванава адправілі ў калонію і аштрафавалі на 2 млн за данаты
У Брэсце агучылі прысуд палітвязню (ілюстрацыйнае фота)
Палітвязня Аляксандра Дарагакупца асудзілі за данаты на 5,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму і прызначылі вялізны штраф — больш за 2 мільёны рублёў. Дарагакупцу 44 гады, ён — жыхар Іванава ў Брэсцкай вобласці. За кратамі знаходзіцца са жніўня 2024 года. Яго справу са снежня разглядаў Брэсцкі абласны суд (суддзя — Андрэй Сіз).
Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што ён пералічыў "экстрэмісцкім фармаванням" (а сярод іх і Палку Каліноўскага) грошы і крыптавалюту — агулам не менш за 11 тысяч рублёў. Судзілі ж яго паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Генпракуратура піша, што Аляксандр Дарагакупец падчас расследавання яго справы пералічыў дзіцячым дамам 600 тысяч долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.