Зінгерыс: Эксперымент па вяртанні вас у мінулае нагадвае раманы Кафкі
Старшыня Камітэта па міжнародных адносінах літоўскага Сейма Эмануэліс Зінгерыс расказаў, за якімі дзвярыма чакаюць беларусаў і што мае супраць БелАЭС.
Еўрарадыё: Падчас візіту Пуціна ў Беларусь абодвума кіраўнікамі было заяўлена пра новы этап збліжэння нашых краін. Літва неаднаразова выказвала насцярогу з нагоды павелічэння ўплыву Масквы на афіцыйны Мінск. Як у вас успрынялі гэты візіт?
Эмануэліс Зінгерыс: Гэта справа беларускага народа. Але калі б была легітымна абраная ўлада, якая па-сапраўднаму прадстаўляе інтарэсы беларускага народа, тады б мы ведалі сапраўднае меркаванне беларускага народа наконт узроўню збліжэння з Расіяй. Праўдзівых апытанняў няма – наколькі беларусы і расіяне хочуць гэтага збліжэння. І таму мы не маем на гэты конт ніякага дакладнага ўяўлення. Вашы выбары не прызнаныя легітымнымі. Сапраўдных прадстаўнікоў народу няма ні ў парламенце, ні ў вышэйшых эшалонах улады, і мы не можам бачыць – наколькі насамрэч ваш народ упэўнены, што гэта трэба рабіць і ісці на такое шчыльнае збліжэнне. Гэта – рух на збліжэнне Лукашэнкі. А наколькі гэты яго рух на збліжэнне адпавядае пажаданням беларускага народа – мы не ведаем.
Мы не выказваем ніякіх пратэстаў з нагоды гэтага візіту. Гэта справа спадара Пуціна – якая будзе геаграфія яго вандроўкі. Пасля Беларусі ён наведае і Францыю, і Нямеччыну. Не выказваючыся наконт таго, што адбываецца паміж вамі і Расіяй, мы, тым не менш, думаем, што і геаграфічна, і палітычна вы знаходзіцеся ў цэнтры Еўропы, і дзверы ў Еўрасаюз для вас у будучыні адчыненыя. Калі будзе здадзены іспыт на адкрытасць грамадства, на дэмакратыю, калі народ атрымае магчымасць па-сапраўднаму выказацца падчас адкрытых, дэмакратычных выбараў.
Еўрарадыё: Такое адчуванне, што з кожным днём узаемаадносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю заходзяць ва ўсё больш безвыніковы тупік. І не зразумець, на “чыім баку мяч”, хто мусіць першым зрабіць нейкі крок насустрач? Лукашэнка сцвярджае, што – Еўрасаюз...
Эмануэліс Зінгерыс: Гэта проста нейкія жарты з боку вашага кіраўніка. А дзе яшчэ 14 чалавек, якія пасля 19 снежня сядзяць за кратамі?! У кожнага еўрапейца перад вачыма прозвішчы кожнага з гэтых 14-ці! На свабоду выйшаў адзін кандыдат на прэзідэнта – а дзе астатнія! Гэта першае. Другое, а дзе нармальныя умовы для восеньскіх выбараў? Вось гэта тыя дзве мінімальныя рэчы, якія павінны быць прадстаўленыя нам.
Усе палітвязні павінны выйсці на свабоду. Зараз не сталінскія часы, і размова ідзе не пра 14 тысяч, а пра 14 чалавек. Але гэтыя 14 вельмі важныя для еўрапейскай і сусветнай грамадскасці, бо гэтыя людзі, якія выказвалі сваё меркаванне наконт палітычнай будучыні Беларусі і за гэта пацярпелі.
Выбары - дзе гарантыя, што вашы партыі і тыя асобы, якія пажадаюць балатавацца, будуць мець адэкватны час на тэлебачанні, неабходныя магчымасці выказвацца ў прэсе? Нічога гэтага мы не бачым. Таму мяч, на жаль, не на баку Еўрапейскага саюза, а на баку вашай адміністрацыі ў Мінску.
Еўрарадыё: Дарэчы, пра парламенцкія выбары. Ёсць меркаванне, што калі яны пройдуць так, як вы зараз акрэслілі, але без новых затрыманняў і зняволенняў па палітычных матывах, то еўрапейцы могуць гэта палічыць прыкметай лібералізацыі і, забыўшыся на ўсе свае першапачатковы патрабаванні і ўмовы, пачаць наладжваць адносіны з Беларуссю?
Эмануэліс Зінгерыс: Такое немагчыма. Усім зразумела, што такое свабодныя выбары. На свабодных выбарах у парламент і прэзідэнта краіны трымаецца ўвесь Еўрасаюз. Ужо шмат гадоў не прызнаецца парламент у Мінску, а вашы парламентарыі не маюць права, фактычна, нават увайсці ў будынак Еўрапейскага парламента. Такія хітрыкі, пра якія вы кажыце, не з’яўляюцца сапраўдным збліжэннем. Калі там у вас думаюць, што тут, у цэнтры Еўропы, магчымыя хітрыкі ў духу Сярэдняй Азіі, то я вам скажу, што гэта немагчыма.
Еўрарадыё: Падчас візіту расійскага прэзідэнта Беларусь і Расія парафіравалі генеральны кантракт на будаўніцтва беларускай АЭС непадалёк ад мяжы з Літвой. А, як вядома, Літва вельмі незадаволеная гэтай будоўляй...
Эмануэліс Зінгерыс: Мы не выказваемся супраць станцыі – найперш мы выказваемся супраць блізкасці гэтай станцыі да Вільні. Выбачайце, але калі б мы ў 20-30 кіламетрах ад Мінска будавалі атамную станцыю, то першае пытанне ў мінчукоў было б наконт бяспекі. Да ўсяго, АЭС будуецца на рацэ, вада якой потым ідзе праз Вільню. Калі б на такой адлегласці атамная станцыя будавалася ад Масквы, Токіа ці любога іншага горада, то першае пытанне было б пра тое, як гэта адаб’ецца на здароўі жыхароў сталіцы?
Ёсць пытанні, звязаныя з навакольным асяроддзем. Ёсць камітэт у ААН, які дасылае нам афіцыйныя дакументы наконт таго, што беларускі бок не дэклараваў усіх параметраў бяспекі гэтай станцыі і яе ўплыву на навакольнае асяроддзе. Станцыя будуецца ў нас пад бокам і мы гэта ўспрымаем як несяброўскія паводзіны з боку адміністрацыі Лукашэнкі – якая абрала побач з Вільняй пляцоўку для будаўніцтва гэтай атамнай станцыі.
Еўрарадыё: Вы шмат і даўно займаецеся падтрымкай дэмакратычнага руху Беларусі. Вось толькі зрухаў ніякіх на шляху дэмакратызацыі не відаць. Не стаміліся працаваць, не бачачы фактычна ніякага выніку?
Эмануэліс Зінгерыс: Немагчыма стаміцца ад сяброў – мая сям’я пацярпела падчас Другой сусветнай вайны і менавіта беларусы нам вельмі дапамаглі ў тыя часы. Беларусы – гэта выбітныя людзі, якія нейкім дзіўным чынам ізноў апынуліся за бортам гістарычных магчымасцяў. Маючы якасці еўрапейскага народа, з’яўляючыся блізкімі і зразумелымі нам людзьмі, яны патрапілі ў незвычайны эксперымент, калі для такіх светлых людзей аднаўляюць скульптуры Дзяржынскага, перад вачыма якіх стаяць помнікі гэтаму забойцу рускага, беларускага ды іншых народаў – Леніну. Гэты эксперымент па вяртанні вас у мінулае да такой ступені нагадвае раманы Франца Кафкі і Оўрэла! Вы – дзеці 21 стагоддзя, але ў вас адабралі роўную з іншымі еўрапейцамі стартавую пляцоўку. І гэта нараджае ў 10 разоў большае жаданне быць на вашым баку. Два фактары паміж сабой не сутыкаюцца: святлейшы хрысціянскі народ з вялізнай культурніцкай і гістарычнай спадчынай у цэнтры Еўропы – гэты народ не мае права на тое, на што мае права кожны паляк, чэх ці латыш. Гэта мне глыбока незразумела. У мяне здаўна шмат сяброў беларусаў, і кожны раз, сустракаючыся з імі, я ўпэўніваюся – неабходна рабіць усё, каб вы былі на баку святла.
Фота: www.zebra.lt