Злодзеі скралі ў глыбоцкага іпэшніка сумку з грашыма
Ахвярай злодзеяў стаў уладальнік майстэрні па вырабе помнікаў у Глыбокім на Віцебшчыне. Мужчына звярнуўся ў міліцыю і паведаміў, што ў яго з дому зніклі 9000 долараў ЗША, 2000 еўра, 4000 беларускіх рублёў і 300 тысяч расійскіх. У эквіваленце гэта складае каля 35 тысяч "новых" рублёў.
Прадпрымальнік распавёў, што некалькі дзён быў у камандзіроўцы. Калі вярнуўся, то мужчына вырашыў папоўніць грашовыя запасы ў сумцы. тут ён і выявіў прапажу.
Агледзеўшы жытло прадпрымальніка, міліцыянты не знайшлі ніякіх слядоў узлому дзвярнога замка. Сам мужчына пасля ўважлівага агляду дома заўважыў, што няроўна стаіць шыба на верандзе. Бізнэсовец мяркуе, што яе даставалі з праёму, каб забрацца ў дом.
Праваахоўнікі пачалі крымінальную справу, вядуцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.