Злотнікаў: Еўропа не пойдзе на сур'ёзны эканамічны канфлікт з Расіяй

Еўрарадыё: Крым — датацыйны рэгіён, навошта Расіі такі дадатковыя фінансавыя праблемы?

Леанід Злотнікаў: Для Расіі тут важней вырашыць геапалітычныя праблемы. Эканамічныя тут другасныя. Аляксандр Рар (нямецкі палітолаг — заўв. Еўрарадыё) у сваёй кнізе "Куды ідзе Пуцін" напісаў: Само існаванне незалежнай Украіны робіць мару пра вялікую Расію няспраўджанай. Тое, што Пуцін спрабуе стварыць Мытны саюз, павялічыць сваю эканамічную моц, стаць адным з цэнтраў сілы ў свеце, у гэтых планах Украіна гуляе вялікую ролю. Без яе гэтага не атрымаецца. Пуцін ведае, што Расія багатая на рэсурсы і наперадзе будуць праблемы з рэсурсамі, якія ў Расіі ёсць. Ён баіцца, што іншыя полюсы будуць расцягваць Расію, адбіраць рэсурсы. І яна зможа выжыць, толькі калі стане вялікай.

Еўрарадыё: За кошт чаго Пуцін будзе падтрымліваць эканоміку?

Леанід Злотнікаў: Пагрозы для яго няма. У Расіі вялікія золата-валютныя запасы, запасы стабілізацыйнага фонду. Больш за 700 мільярдаў долараў ёсць у запасе. Яна вытрымае пікавыя нагрузкі на біржы. Але ў будучым Расія не зможа без заходніх тэхналогій.

Напрыклад, усе трубаправоды, пабудаваныя ў савецкія часы. З іх працэнтаў 80 зношаныя, іх трэба мяняць. Расіі для гэтага трэба 2-4 трыльёны долараў, каб падцягнуць энергетычную інфраструктуру. І тут ужо патрэбныя заходнія інвестыцыі і тэхналогіі. Пуцін баіцца не таго, што на Крым патрэбныя грошы.

Еўрарадыё: Што можа зрабіць Захад у гэтай сітуацыі: увесці эканамічныя санкцыі, заблакаваць рахункі?

Леанід Злотнікаў: У дадзены момант Захад нічога не можа заблакаваць, каб Расія адступіла. Пагроза ёсць у будучым. У Расіі пару год ідуць адтокі інвестыцый. Прагназавалася, што сёлета гэты адток скончыцца і пачнецца прыток. Але гэтага прытоку не будзе, вось чаго яны баяцца. Якія могуць быць эканамічныя меры? У Расіі шмат імпарту прадуктаў харчавання з Еўропы. Але Еўропа на гэта не можа пайсці, узяць Расію за горла, бо Расія можа перакрыць пастаўку газа. Невядома каму будзе горш. Еўропа залежыць ад Расіі, Расія ад Еўропы. Ёсць стратэгічныя сувязі і яны вельмі трывалыя. І Еўропа не пойдзе на нейкі сур'ёзны эканамічны канфлікт. Аднак калі адносіны з Захадам будуць сапсаваныя, у Расію не пойдуць капіталы, як цяпер не ідуць у Беларусь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі