"Змагар" з "ябацькам" за адзін стол не сядуць: раскол у грамадстве нарастае
Пратэсты ў Мінску ў 2020 годзе / Еўрарадыё
Пераважная колькасць беларусаў адчуваюць сацыяльную напружанасць, а людзі розных палітычных поглядаў ставяцца адно да аднаго варожа, вынікае з даследавання Chatham House.
Толькі кожны дзясяты беларус лічыць, што сацыяльнай напружанасці і канфліктаў практычна няма. Чаму сітуацыя будзе толькі пагаршацца, але ні прыхільнікі Лукашэнкі, ні пратэстава настроеныя беларусы не гатовыя адступіць, расказаў у эфіры Еўрарадыё дырэктар па даследаваннях Цэнтра новых ідэй, супрацоўнік брытанскага цэнтра Chatham House Рыгор Астапеня.
"Не хочуць жыць у адным пад'ездзе"
Стаўленне беларусаў з рознымі палітычнымі поглядамі адно да аднаго нават за апошні год стала горшым.
— Што мы ўбачылі ў даследаванні: умоўны "змагар" з умоўным "ябацькам" ужо нават за адным сталом сядзець не хочуць. Год таму яшчэ скрывіўшыся маглі сядзець, а два гады таму гэта яшчэ і лічылі пацешным. Цяпер гэтага няма. На ўзроўні публічных персон гэта яшчэ больш-менш зразумела, але гэта адбываецца сярод звычайных людзей.
Беларусы, якія падтрымліваюць пратэст або падтрымліваюць Лукашэнку, не хочуць жыць у адным пад'ездзе разам з людзьмі іншых палітычных поглядаў. Гэта праўда адчуваецца. Кацялок заварваецца, і, на вялікі жаль, некалі гэта можа бабахнуць.
"Няма адчування, што мы жывём так, як павінны жыць"
Эксперт адзначае, што раскол у грамадстве становіцца большым праз тое, што людзі адчуваюць несправядлівасць таго, што адбываецца ў грамадска-палітычным жыцці краіны.
— Няма адчування, што мы жывём так, як павінны жыць. У людзей гэта назапашваецца, і яны ўсё больш негатыўна глядзяць адно на аднаго.
Асабліва страшна, што на фоне Года народнага адзінства, які праводзіўся ў 2021 годзе афіцыйнымі ўладамі, раскол павялічыўся. Мы гэта бачылі, напрыклад, калі быў забіты спадар Зельцэр і супрацоўнік КДБ. Мы прыкладна ў гэты час рабілі даследаванне.
А пра што гаварыць? Усе межы пройдзеныя. Яны нічога адкочваць назад не хочуць, мы нічога адкочваць не хочам. Адпаведна, таму мы і захраслі ў 2020 годзе.
Для ўладаў адступіць — значыць прызнацца ў тэрарызме
Рыгор Астапеня адзначае, што беларускае грамадства дагэтуль жыве з траўмай 2020–2021 гадоў. І наўрад ці зможа яе прапрацаваць у найбліжэйшы час.
— Калі гэта не прайшло за паўтара года, наўрад ці пройдзе і далей. Мы бачым у сваім даследаванні, што і прыхільнікі Лукашэнкі, і прыхільнікі пратэсту зайшлі вельмі далёка. Як прыхільнікі Лукашэнкі могуць адысці назад? Як растлумачыць усё, што яны робяць, калі перастаць казаць, што Святлана Ціханоўская — тэрарыст?
Усё, што яны [ўлады. — Еўрарадыё] робяць, выглядае як антытэрарыстычная аперацыя. Але калі сказаць, што на самай справе гэтыя людзі не тэрарысты, то тэрарысты з іншага боку.
Яны [актыўныя прыхільнікі Лукашэнкі. — Еўрарадыё] зыходзяць з таго, што "мы зайшлі так далёка, столькі ўжо нарабілі, як мы назад пойдзем?". Толькі ў турму. А куды ім яшчэ ісці? Таму яны павінны ўвесь час сябе падаграваць, падаграваць нянавісць да прыхільнікаў пратэсту. Яны гэтым жывуць, таму што іншага варыянта для сябе ўжо асабліва і не маюць, — падсумоўвае Рыгор Астапеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.