Зміцер Дашкевіч: Вязні “ўскрываюцца”, калі ёсць пагроза жыццю

У сітуацыі, ў якой апынуўся Мікалай Аўтуховіч, вязні звычайна дзейнічаюць менш радыкальнымі метадамі. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, які 28 жніўня выйшаў на волю з гродзенскай турмы №1, дзе, паводле інфармацыі праваабаронцаў, Мікалай Аўтуховіч ускрыў сабе жывот.

“Ці давяраць гэтаму, я не ведаю. Лепш мець дакладную інфармацыю, вядома. Але гэта турма, і ў ёй можа здарыцца ўсё, — мяркуе Зміцер. — У такой сітуацыі звычайна можна распачаць галадоўку. Тая праблема, з якой сутыкнуўся Аўтуховіч, пра якую я чытаў, вырашаецца больш спакойна. Ускрыццё вен, жывата – гэта самы крайні выпадак. На гэта ідуць тады, калі ёсць пагроза жыццю”.

Нагадаем, інфармацыя пра тое, што Мікалай Аўтуховіч нанёс сабе моцныя фізічныя пашкоджанні з’явілася раніцай 19 верасня. Паводле праваабарончага сайта “Платформа”, прычынай, па якой палітвязень пайшоў на такі радыкальны крок, стала “адкрыта здзеклівае стаўленне адміністрацыі турмы”. У адміністрацыі турмы каментаваць сітуацыю з Аўтуховічам адмовіліся.

Мікалай Аўтуховіч — ветэран афганскай вайны, прадпрымальнік і грамадскі дзеяч з Ваўкавыска. У траўні 2010 года ён асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы пазбаўлення волі за незаконныя дзеянні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў. Праваабаронцы лічаць гэты прысуд палітычна матываваным.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі