Знешні праціўнік, гібрыдная вайна, блакада краін Балтыі

У панядзелак у краінах Балтыі і Польшчы пачынаюцца вайсковыя вучэнні “Удар шаблі-2015”. У іх бяруць удзел каля 6 тысяч вайскоўцаў з Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, ЗША, Вялікабрытаніі, Фінляндыі, Даніі, Германіі, Францыі, Італіі, Партугаліі, Венгрыі, Славакіі, Харватыі, Нарвегіі і Канады. Гэта ўжо другія буйныя вучэнні сіл NATO за год у балтыйскім рэгіёне.

Еўрарадыё высвятляе, чым прынцыпова адрозніваюцца легенды вайсковых вучэнняў у Прыбалтыцы і Беларусі.

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін кажа, што апошнія сцэнарыі вучэнняў у Балтыі вельмі падобныя — адпрацоўка павелічэння сілаў на ўчастку найбольшай небяспекі. Гэтыя краіны цяпер лічацца найбольш прыступным звяном праз вялікую колькасць рускамоўнага насельніцтва і неспрыяльнае геапалітычнае становішча.

“Калі паглядзець на геапалітычнае становішча, гэтыя краіны вельмі прыступныя. Калі перарэзаць перашэек-калідор, які звязвае Літву з Польшчай, краіны Балтыі апынуцца адрэзанымі ад асноўнай тэрыторыі Еўропы. І забеспячэнне можа быць здзейсненае толькі паветрам ці морам. І сілам, якія базуюцца ў краінах Балтыі, трэба будзе вытрымаць пэўны час наступленне патэнцыйнага агрэсара да таго, пакуль ім з мора не падвязуць падтрымку”, — адзначае эксперт.

У мінулых буйнамаштабных вучэннях на тэрыторыі Беларусі “Захад-2013”, удзел бралі каля 13 тысяч вайскоўцаў (ад Беларусі — крыху больш за 10 тысяч, ад Расіі — каля 2,5, ад іншых краін-удзельніц АДКБ — каля 300 чалавек). Задзейнічана каля 350 адзінак бранетанкавай тэхнікі, у тым ліку, каля 70 танкаў, звыш 50 адзінак артылерыі, больш за 50 самалётаў і верталётаў.

Буйнамаштабныя вучэнні праходзілі ў некалькі этапаў. Легенда аднаго з этапаў — ізаляцыя і нейтралізацыя незаконных бандфармаванняў і стабілізацыя абстаноўкі.

Аляксандр Алесін кажа, што сцэнарый быў прыблізна такі:

“На тэрыторыю Беларусі пранікаюць незаконныя фармаванні, якія падтрымліваюць зброяй, грошамі, інструктарамі сілы экстрэмістаў. Экстрымісты, згодна з легендай, распальваюць у нашай краіне канфлікт на міжнацыянальнай і этнарэлігійнай глебе”.

На думку эксперта, ужо тады адпрацоўваўся сцэнарый процідзеяння гібрыднай вайне.

Папярэднія беларускія вучэнні “Шчыт Саюза” і “Цэнтр” мелі крыху іншыя сцэнарыі. Там легендай была абарона саюзных войскаў ад ворага, які нападае з-за межаў. Тады сцэнарый быў дастаткова абстрактным. І галоўнай задачай была адпрацоўка перакіду сілаў саюзнікаў на тэрыторыю Беларусі.

Фота: infobelg.ru, twitter.com/USNATO, ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі