Зноў павялічыўся паток нелегальных мігрантаў з Беларусі ў Літву
За ліпень на мяжы з Беларуссю спынілі 1018 нелегальных мігрантаў / delfi.lt
Патокі нелегальных мігрантаў, якія ідуць з Беларусі ў Літву, з другой паловы ліпеня прыкметна павялічыліся, піша Delfi са спасылкай на кіраўніка Службы аховы дзяржмяжы Літвы (САДМЛ) Рустамаса Любаеваса. Пры гэтым сітуацыя на мяжы Польшчы і Беларусі застаецца стабільнай, росту колькасці парушэнняў тут няма.
"Падобна да таго, што цяпер Літва зноў была абраная аб'ектам гэтай гібрыднай атакі", — мяркуе Любаевас. На яго думку, такія дзеянні збольшага звязаныя з "палітычнымі рашэннямі, якія прымаюцца ў Літве ці Еўрасаюзе".
У ліпені гэтага года на мяжы з Беларуссю было спынена 1018 нелегальных мігрантаў. У чэрвені іх было 430, а ў траўні — 370. Пры гэтым некаторыя мігранты рабілі па некалькі спробаў нелегальна перасекчы мяжу. У сувязі з гэтым літоўскія памежнікі прынялі рашэнне ўзмацніць ахову мяжы.
"Мы абмяркоўваем з нашымі партнёрамі — літоўскай арміяй, паліцыяй — пытанне аб размяшчэнні дадатковых сіл на мяжы з Беларуссю", — заявіў галоўны літоўскі памежнік. Паводле яго слоў, яго супрацоўнікі бачаць, што мігрантам нярэдка дапамагаюць парушыць мяжу беларускія памежнікі — "арганізуюць перакідку нелегальных мігрантаў праз дзяржмяжу, аказваюць ім дапамогу, пашкоджваюць наш плот, выпускаюць мігрантаў на тэрыторыю Літвы", сказаў Любаевас. І такіх фактаў, па яго словах, шмат.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.