Зняволеная Наста Лойка адмовілася даваць сведчанні па "справе Вясны"
Наста Лойка / Еўрарадыё
На працэсе па "справе Вясны" ўжо агучылі 213 з 284 тамоў крымінальнай справы. Разгляд адбываецца ў судзе Ленінскага раёна Мінска.
Як перадае Радыё "Свабода", у матэрыялах справы шмат дакументаў пра тое, як праваабаронцы "Вясны" перасякалі дзяржмяжу Беларусі ў розныя гады, пачынаючы з 2016-га.
Кіраўнік "Вясны" Алесь Бяляцкі адзначыў, што ў абвінавачання няма звестак, каб выяўленыя следствам 89 чалавек перавозілі праз мяжу грошы, а не выязджалі па асабістых справах. Таксама Бяляцкі звярнуў увагу, што следства нідзе не згадвае, каб ён, Лабковіч і Стэфановіч неяк арганізоўвалі перамяшчэнне наяўных грошай праз мытную мяжу.
"Няхай канкрэтна скажуць, што ПЦ "Вясна“ з'яўляецца арганізаванай злачыннай групоўкай, і тады разглядаюць нашую дзейнасць пад такім судом, а то незразумела, хто мы. Калі мы кантрабандысты, значыць, мы кантрабандысты; калі злачынная групоўка, то значыць, злачынная групоўка", — заявіў Бяляцкі на судзе.
Таксама Бяляцкі на судзе патлумачыў, што выплатамі для рэпрэсаваных займаўся выключна фонд BY_HELP. "Вясна" не дапамагала каменсаваць штрафы і "сутачныя". Гэтыя аплаты — адзін з пунктаў абвінавачання супраць "вясноўцаў".
Падчас следства па гэтым факце дапыталі ў якасці падазраванай праваабаронцу Насту Лойка. Яна адмовілася даваць сведчанні па дзейнасці "Вясны". Пры гэтым Лойка адмаўляла, што перавозіла праз мяжу грошы. Тым не менш яна фігуруе ў абвінавачанні як удзельніца "арганізаванай групы" паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса ("кантрабанда арганізаванай групай").
Па "справе Вясны" судзяць Нобелеўскага лаўрэата міру, кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча і (завочна) праваабаронцу Змітра Салаўёва.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.