ЗША крытыкуюць Турцыю за “шкодныя інсінуацыі”
Дзярждэпартамент ЗША распаўсюдзіў заяву, у якой адмаўляе якое б там ні было дачыненне да паўстання ў Турцыі. Перад гэтым турэцкі ўрад, фармальны саюзнік ЗША, усклаў адказнасць за спробу перавароту на дысідэнта, які атрымаў прытулак у штаце Пенсільванія, піша The Guardian.
“Публічныя інсінуацыі або сцверджанні аб тым, што ЗША згулялі нейкую ролю ў гэтай няўдалай спробе перавароту, беспадстаўныя і шкодзяць двухбаковым адносінам”, – заяўляе Дзярждэпартамент, падсумоўваючы заяву, перададзеную дзяржсакратаром Джонам Кэры свайму турэцкаму калегу.
Канфлікт успыхнуў, калі турэцкі ўрад заявіў, што ваенны пераварот спланавалі паслядоўнікі ісламскага багаслова і дысідэнта Фетхулы Гюлена, які пражывае ў ЗША. Гюлен абвяргае гэтыя абвінавачванні, але прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган запатрабаваў ад ЗША выдаць яго, аргументуючы гэта тым, што турэцкія ўлады выдалі мноства тэрарыстаў па амерыканскіх патрабаваннях.
“Калі мы застаемся стратэгічнымі партнёрамі, вы павінныя выканаць нашу просьбу”, — сказаў Эрдаган, выступаючы ў суботу з прамовай.
У адказ Кэры падкрэсліў, што Турцыя павінная прадставіць доказы віны Гюлена.
У суботняй прамове Эрдаган назваў спробу перавароту “падарункам Бога”, бо гэта дазволіць яму “ачысціць армію”. З пачаткам чысткі былі арыштаваныя не менш 2800 вайскоўцах, уключаючы некалькіх генералаў. Адным з іх быў Эрдал Азцюрк, камандуючы Трэцяй арміяй. Ён рызыкуе быць асуджаным да смяротнага пакарання. Больш за 2700 суддзяў былі звольненыя.
Большасць аналітыкаў згодная, што спроба перавароту забяспечыла Эрдагану народную падтрымку, неабходную для змены палітычнай сістэмы. Эрдаган хоча фармальна кансалідаваць уладу ў сваіх руках як прэзідэнт, а не пакідаць яе парламенту. Тым самым ён працягне прытрымлівацца курса на аўтарытарызм, якім ідзе ў апошнія гады.
Каментуючы для The Guardian сітуацыю, эксперт па Турцыі Эндру Фінкель сказаў, што “шмат хто кажа аб павольным, пакутлівым перавароце, які быў здзейснены ў Турцыі не арміяй, а самім Эрдаганам. Апошнія тры гады ён сістэматычна прыбірае да рук усю ўладу”.