ЗША падтрымліваюць свабодныя і справядлівыя выбары ў Беларусі
Злучаныя Штаты ўражаныя тым, як беларускі народ выказвае сваё жаданне вызначаць уласную будучыню. Пра гэта гаворыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа.
Па яго словах, ЗША па-ранейшаму глыбока занепакоеныя сур'ёзнымі парушэннямі падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Штаты асуджаюць гвалт у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і журналістаў, арышты апазіцыйных кандыдатаў і мірных пратэстоўцаў, блакаванне інтэрнэту ў Беларусі, жорсткае стаўленне да затрыманых. Пампеа заклікаў неадкладна вызваліць усіх несправядліва затрыманых і даць інфармацыю пра зніклых.
ЗША падтрымліваюць свабодныя і справядлівыя выбары, якія адлюстроўваюць волю беларускага народа. На думку дзяржсакратара, выбары 9 жніўня такімі не былі.
Злучаныя Штаты прапаноўваюць афіцыйнаму Мінску актыўна ўзаемадзейнічаць з беларускім грамадствам, у тым ліку з Каардынацыйнай радай пры Святлане Ціханоўскай.
Таксама ЗША падтрымліваюць прапанову АБСЕ пра дыялог, у якім прынялі б удзел усе бакі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.