ЗША прызначаць спецпасланніка для працы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Злучаныя Штаты запускаюць стратэгічны дыялог з дэмакратычнай Беларуссю. Гэта азначае, што напрыканцы 2023 года дэмакратычныя сілы фармалізуюць супрацу з амерыканскім урадам. Пра гэта паведаміла Святлана Ціханоўская, падводзячы вынікі свайго візіту ў ЗША.

"Да дыялогу запросяць прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Дэмсілы выпрацуюць стратэгію беларуска-амерыканскіх адносінаў і адновяць усе кантакты, якія былі разбураныя Лукашэнкам", — заявіла яна.

Таксама Ціханоўская паведаміла, што бліжэйшыя некалькі месяцаў ЗША прызначаць спецпасланніка для супрацы з дэмакратычнымі сіламі. Праз яго дэмсілы будуць трымаць кантакт з Вашынгтонам.

Гаворачы пра санкцыі супраць беларускага рэжыму, Ціханоўская заявіла, што Штаты не падтрымліваюць змякчэнне санкцыяў на транзіт калійных угнаенняў праз краіны ЕС.

У Кангрэсе, па яе словах, пачалася праца над новым Законам аб дэмакратыі, суверэнітэце і правах чалавека ў Беларусі. Гэты закон дапаможа зрабіць падтрымку ЗША больш сістэмнай і паслядоўнай.

Таксама палітык кажа, што Злучаныя Штаты працягнуць падтрымліваць беларускія дэмсілы фінансава. "Нас запэўнілі, што ЗША захаваюць памер дапамогі Беларусі ў аб’ёме 30 мільёнаў долараў. Гэтыя грошы пойдуць на падтрымку незалежных СМІ, праваабаронцаў, НДА і рэпрэсаваных", — паведаміла яна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі