ЗША ўвялі супраць рэжыму Лукашэнкі новыя санкцыі — за дапамогу РФ у вайне
ЗША пашырылі санкцыйны спіс
ЗША ўвялі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі новыя санкцыі — за дапамогу РФ у вайне супраць Украіны. У "чорны спіс" трапілі рагачоўскі завод "Дыяпраектар" і яго дырэктар Генадзь Філіпаў, Дзяржаўнае навукова-вытворчае аб'яднанне парашковай металургіі і яго гендырэктар Аляксандр Ільюшэнка. Згаданыя прадпрыемствы супрацоўнічаюць з расійскім ВПК, выконваюць яго замовы.
BELPOL удакладняе, што "Дыяпраектар" вырабляе прыцэлы да расійскай бронетэхнікі і стралковай зброі, а іншае прадпрыемства займаецца распрацоўкай баявых частак для сродкаў паражэння (напрыклад, для ўдарных беспілотнікаў).
Мінфін ЗША агулам увёў санкцыі ў дачыненні каля 400 фізічных і юрыдычных асоб з Расіі і іншых краін. У "чорны спіс" іх дадалі за прадастаўленне "тавараў і паслуг" для прымянення Расіяй на вайне супраць Украіны, а таксама за "ухіленне ад санкцый".
Нядаўна ЗША дадалі ў беларускі "чорны спіс" 19 фізічных і 14 юрыдычных асоб.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.