Звальняюць заснавальніцу музея габрэйскага супраціву Тамару Вяршыцкую

Звальняюць заснавальніцу музея габрэйскага супраціву Тамару Вяршыцкую

Навагрудскі краязнаўчы музей адмовіўся працягваць кантракты Тамары Вяршыцкай і Галіне Кавальчук

Самі жанчыны думаюць, што нагодай для звальнення сталі легальныя гарадскія экскурсіі. Сярод іх удзельнікаў былі людзі, якіх судзілі паводле "народнага" артыкула 23.34.

Афіцыйныя прычыны звальнення жанчынам ніхто не патлумачыў. 

"За тое, што мы не выконваем загады накшталт — выгнаць з музея людзей, якія прыйшлі паглядзець фільм або на экскурсію... Цярпенне іхнае дайшло да апошняга. Зараз яны пазбаўляюцца ад людзей, якія іх не баяцца... Я ведаю, за што — бо я не прагінаюся", — кажа Вяршыцкая ў інтэрв'ю Радыё "Свабода".

Апошнія некалькі месяцаў Вяршыцкая і Кавальчук па нядзелях ладзілі для гараджан легальныя экскурсіі. Яны распавядалі пра гісторыю Навагрудка: Адама Міцкевіча, беларускую гімназію, габрэйскі супраціў. Сярод удзельнікаў такіх экскурсій былі людзі, асуджаныя за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Часта экскурсіі ішлі ў суправаджэнні міліцыянтаў.

Напрыканцы студзеня Вяршыцкую непасрэдна з экскурсіі забралі ў РАУС на апытанне. У яе пыталіся наконт працэдуры арганізацыі экскурсій, хто і як замаўляе, як і дзе яны праходзяць.

Урэшце нядзельныя экскурсіі адмянілі і зрабілі нядзелі ў музеі выходным днём да канца лютага. Патлумачылі гэта моцнымі маразамі.

У Навагрудскім музеі Тамара Вяршыцкая адпрацавала больш за 30 гадоў, з 1988-га. Яе імя ёсць у Кнізе славы Навагрудка. Яна стварыла Музей габрэйскага супраціву, які ўваходзіць у структуру краязнаўчага музея, і кіруе ім. Яна ж суправаджала сваякоў Дональда Трампа, калі тыя прыязджалі ў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі