Звольнены мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў

Звольнены мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў

Звольнены мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Гарцуеў. Пра гэта ў фэйсбуку напісаў кампазітар Дзмітрый Фрыга. Інфармацыю пацвярджаюць і іншыя супрацоўнікі тэатра. 

Гарцуеў пачынаў кар'еру як актор у Купалаўскім тэатры. Затым шмат гадоў працаваў рэжысёрам. Яго спектакль "Не мой", пастаўлены па творы Алеся Адамовіча, стаў лепшым на Першай нацыянальнай тэатральнай прэміі. 

Жонка Аляксандра Гарцуева — народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік, і дачка — актрыса Валянціна Гарцуева — у жніўні 2020 года звольніліся з Купалаўскага тэатру, падтрымаўшы пратэсты супраць рэпрэсій у Беларусі. Цяпер яны — актрысы незалежнай трупы "Купалаўцы".

"Зачыстка ўсяго жывога, таленавітага і вольнага працягваецца. Прывыкнуць складана. Асабліва, калі гэта датычыцца тваіх блізкіх і родных. Абезгаловілі РТБД. У ім гады працы, ідэй, таленту, натхнення Аляксандра Гарцуева. Ім гэта не патрэбна, яны нават не разумеюць, чым гэта пагражае. Але мы разумеем...", — напісала журналістка Надзея Белахвосцік.

"Адзін з наймацнейшых і самых яркіх тэатраў краіны фактычна знішчаны", — дадаў Дзмітрый Фрыга.

Па звестках СМІ, у дзяржаўных установах культуры адбываюцца масавыя звальненні супрацоўнікаў. Праз палітычныя погляды тэатры, музеі, культурныя навучальныя ўстановы застаюцца без унікальных спецыялістаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі