ЗВР Беларусі за месяц павялічыліся на мільярд долараў

Нацыянальны банк Беларусі / Еўрарадыё
Нацыянальны банк Беларусі / Еўрарадыё

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за месяц выраслі больш чым на мільярд долараў ЗША, і на 1 верасня склалі 8,5 мільярдаў долараў, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнага банка.

У жніўні ЗВР павялічыліся на 14,2%, тады як у ліпені — усяго на 0,4% (або на 33 мільёны долараў). Такі вялікі рост у жніўні стаў магчымы дзякуючы сродкам МВФ.

23 жніўня ўступіла ў сілу рашэнне МВФ аб размеркаванні падтрымкі краінам-удзельніцам фонду. Гэтыя грошы прызначаныя для пераадолення эканамічных наступстваў пандэміі. Доля Беларусі склала 0,95 мільярда долараў. Сродкі паступілі на рахунак. Аднак яны намінаваныя не ў валюце, а ў SDR (спецыяльных правах запазычання). Гэтыя сродкі яшчэ трэба будзе канвертаваць ў якую-небудзь валюту.

Акрамя сродкаў МВФ на рост ЗВР таксама паўплывалі купля Нацбанкам замежнай валюты на таргах "Беларускай валютна-фондавай біржы", а таксама паступленні замежнай валюты ў бюджэт, падкрэслілі ў Нацбанку.

Там таксама нагадалі, што згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год аб'ём ЗВР на 1 студзеня 2022 года павінен скласці не менш за 6 мільярдаў долараў ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі