Зяленскага на выбарчым участку сустрэлі Femen
Кандыдат у прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі прагаласаваў на выбарчым участку ў Кіеве, перадае Громадське. Ён кінуў бюлетэнь у скрыню для галасавання і распавёў журналістам пра сваю “цудоўную раніцу” — “дзеці, кава і для настрою яшчэ жонка мне ўключыла Eminem”.
На выхадзе з выбарчага ўчастку Зяленскага чакала актывістка эпатажнага руху Femen без верхняй вопраткі. Дзяўчына выгуквала: “Досыць гвалтаваць краіну”, “Ён кот у мяху”. Удзельніца акцыі была цяжарная, паведамляе fakty.com.ua
Пры гэтым прадстаўніца Femen падкрэсліла, што выступае супраць абодвух кандыдатаў.
21 красавіка ва Украіне адбываецца 2 тур прэзідэнцкіх выбараў, у якім за пасаду кіраўніка краіны змагаюцца шоўмэн Уладзімір Зяленскі і дзеючы прэзідэнт Пётр Парашэнка.
Парашэнка таксама прагаласаваў на выбарах і заявіў журналістам, што важна, каб грамадзяне галасавалі розумам, “бо нясмешна”. Ён таксама дадаў, што галоўнае — “не страціць краіну”.