Зяленскі гатовы на "больш гнуткі падыход" у перамовах з Расіяй — Bloomberg

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі / @Zelenskiy

Кіеў гатовы змякчыць пазіцыю па мірных перамовах з РФ, піша агенцтва Bloomberg са спасылкай на неназваных украінскіх і "блізкіх да NATO" чыноўнікаў. Па словах крыніц агенцтва, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі можа прымяніць "больш гнуткі падыход" для завяршэння вайны. Неназваныя ўкраінскія чыноўнікі ў гутарцы з агенцтвам прызналі неабходнасць завяршыць баявыя дзеянні. Але пры гэтым ніхто з іх не заявіў аб магчымасці тэрытарыяльных саступак Расіі.

Агенцтва адзначае, што саюзнікі патрабуюць ад Кіева больш канкрэтнага, як спыніць вайну. А Кіеў пакуль не раскрывае дэталі свайго "Плана перамогі". Зяленскі паабяцаў прадставіць яго 12 кастрычніка ў Германіі на чарговай сустрэчы саюзнікаў па пытанні падтрымкі Украіны ў Рамштайне.

Раней амерыканскае выданне Financial Times апублікавала артыкул аб тым, што ў заходніх знешнепалітычных колах абмяркоўваюць "нямецкую мадэль" для завяршэння вайны ва Украіне. Гэтая мадэль прадугледжвае, што Кіеву могуць прапанаваць уступіць у NATO без акупаваных тэрыторый. А тэрыторыі Украіна павінна будзе вярнуць сабе дыпламатычным спосабам. Вытрымкі з публікацыі прыводзіў украінскі рэсурс Hromadske.

Зяленскі раней неаднаразова заяўляў, што выключае "гандаль" суверэнітэтам або тэрыторыямі Украіны. Ён настойвае на ўкраінскай "формуле міру", якая прадугледжвае вяртанне да меж 1991 гады. Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, у сваю чаргу, патрабуе вываду УСУ з захопленых Расіяй украінскіх рэгіёнаў і адмовы Кіева ад уступлення ў NATO.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі