Зяленскі распавёў, як Іран прымусілі раскрыць праўду пра збіты "Боінг"

president.gov.ua
president.gov.ua

Прэзідэнт Украіны выступіў са зваротам да народа з нагоды збітага ў Тэгеране самалёта "Боінг" "Міжнародных авіяліній Украіны", у выніку чаго загінула 176 чалавек. У прыватнасці, Уладзімір Зяленскі паведаміў, што яго кантакты з прадстаўнікамі амерыканскіх і брытанскіх уладаў і праца ўкраінскіх экспертаў на месцы авіякатастрофы дапамаглі прымусіць Іран прызнаць факт запуску ракеты па самалёце.

Па словах Зяленскага, украінскія эксперты прыбылі на месца трагедыі ўжо ў ноч на 9 студзеня. Раніцай ён дамовіўся па тэлефоне з прэзідэнтам Ірана, каб іх дапусьцілі да расследавання прычын авіякатастрофы. Таксама 9 студзеня прэзідэнт Украіны правёў кансультацыі з прэм'ер-міністрамі Канады, Швецыі і Вялікабрытаніі, прэзідэнтамі Ірана і Афганістана.

Увечары 9 студзеня СМІ апублікавалі даныя аб тым, што ўкраінскі самалёт мог быць збіты іранскімі вайскоўцамі. "10 студзеня ў мяне адбылася размова з дзяржаўным сакратаром ЗША Майклам Пампея і сустрэча з часовым павераным у справах ЗША ў Украіне Крысцінай Квін, якая перадала мне важную і карысную інфармацыю для расследавання. Таксама важную інфармацыю перадала пасол Вялікабрытаніі Мелінда Сіманс", — распавёў Зяленскі.

Ён падзякаваў ўкраінскім экспертам у Іране, чые "пераканаўчыя папярэднія высновы і доказы, знойдзеныя ў Тэгеране, не дазволілі схаваць праўду", і выказаў падзяку за настойлівасць і падтрымку лідэрам ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, іншых краін, міжнародных арганізацый.

Украінскі "Боінг" разбіўся ў ваколіцах Тэгерана праз дзве хвіліны пасля вылету з аэрапорта. Палова пасажыраў — грамадзяне Ірана (82 чалавекі), на борце таксама знаходзіліся грамадзяне Канады (63), Украіны (11), Швецыі (10), Афганістана (4), Вялікабрытаніі і Германіі (па 3). Усе яны і члены экіпажа загінулі.

Першапачаткова іранскія ўлады не прызнавалі, што збілі самалёт, аднак затым заявілі, што запуск па ім ракеты быў выкліканы памылкай і збегам абставін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі